Харватыя выйграла бронзу чэмпіянату свету па футболе!

Цікава, што спаборнікі бронзы ўжо сустракаліся на гэтым чэмпіянаце – тады на групавой стадыі гульня завяршылася з лікам 0:0.
Выніковыя падзеі змагання разгарнуліся ў першым тайме. Як і французы ў паўфінале, харваты вельмі хутка распячаталі браму мараканцаў. Да поспеху прывёў эфектны розыгрыш адвольнага ўдару – Іван Перышыч элегантна галавой зрабіў перадачу, а абаронец Ёшка Гвардыёл узорна завяршыў камбінацыю. Але вельмі хутка ўдача ўсміхнулася ўжо паўночыым афрыканцам – зноў такі пасля розыгрышу адвольнага мяч ад галавы хартвата Майера адскочыў суперніку і той скарыстаўся падарункам.
Перавага „шашачных” у першай палове была відавочнай і ўрэшце ўвянчалася голам Оршыча, які прыгожа запусціў мяч па парабале ў штангу і ад яе ў сетку.
У другім тайме гульнёвыя аргументы арабаў былі непераканаўчымі, а балканцы маглі забіць трэці мяч. У адным з эпізодаў у штрафной збілі Гвардыёла, але ні галоўны арбітр з Катару, ні брыгада VAR нават не падумалі пра пенальці.

У выніку заслужаная вікторыя Харватыі, якая другі раз у сваёй гісторыі выйграла бронзавыя медалі. А на мінулым мундыялі балканцы былі сярэбранымі прызёрамі.
Харватыя – Марока – 2:1 (Ёшка Гвардыёл, 7, Міслаў Оршыч, 42; Ашраф Дары, 9).
Беларускае Радыё Рацыя
