Цэны на навагоднія ялінкі засталіся леташнімі



У Міністэрстве лясной гаспадаркі паведамілі, што сёлета ў краіне будзе арганізавана 1144 кропкі па продажы навагодніх ялінак і яны будуць працаваць па 31-га снежня ўключна. Берасцейшчына першай ужо пачала рэалізацыю насельніцтву галоўнага сімвала святаў.

Цэны ад 8 рублёў і іх пакінулі леташнімі. Па словах супрацоўніка лясной гаспадаркі Ігара Пацоўскага, гэта адзін з захадаў, каб не было жадання нелегальна высекчы дрэва:

-Акрамя ялінак мы прадаём сосны, навагоднія букеты. Цэны ў нас дзяржаўныя – то бок, ніякай нацэнкі няма. За незаконную вырубку елак штраф ад 5 да 50 базавых велічынь. Таму не трэба рызыкаваць, а лепш купіць за невялікія грошы ялінку.

Дарэчы, лясы краіны ўзятыя пад узмоцненую ахову. Акрамя патрулёў і дзяжурстваў на ўездах і выездах з лясоў, павялічана колькасць фота- і відэаназірання.

Беларускае Радыё Рацыя