Дзмітрый Балкунец: Сваім візітам Пуцін „прамацвае” выкарыстанне Беларусі падобна да Крыма
Уладзімір Пуцін 19-га снежня наведае з працоўным візітам Менск, дзе правядзе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Падчас анлайн-сустрэчы „Навошта Пуцін ляціць да Лукашэнкі ў Менск?” мэты сустрэчы пракаментаваў палітолаг Дзмітрый Балкунец:
– Беларусь для Пуціна з’яўляецца пэўным прыярытэтам, такім чынам ён хоча прадэманстраваць, што Беларусь з’яўляецца для Крамля зонай геапалітычных інтарэсаў. Другі момант вельмі важны звязаны з тымі дакументамі, якія былі падпісаныя ў лістападзе мінулага года, па рэалізацыі 28-мі дарожных праграм у межах Саюзнай дзяржавы. Улічваючы, што па Украіне ідзе ўсе не па плану, як яны планавалі за тры дні Кіеў узяць. Застаецца да моманту чарговых прэзідэнцкіх выбараў у Расеі менш за 15 месяцаў. Візіт Пуціна звязаны з накірункам далейшага паглыблення інтэграцыі Беларусі ў Расею.
Таксама вядома, што ў перамовах Лукашэнкі і Пуціна 19-га снежня прымуць удзел міністры абароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу адпаведна. Гэта выклікае засцярогі ў спраўджванні пагрозы ўступлення Беларусі ў расейскую вайну ва Украіне.
Беларускае Радыё Рацыя