Ванда Марцінш душ Рэйш: Трэба аднаўляць гістарычную памяць



Паэтка і перакладчыца Ванда Марцінш душ Рэйш нарадзілася на беларуска-літоўскай мяжы, пражыла доўгі час у Партугаліі і Шатландыі – экзатычнае прозвішча ад мужа-партугальца, зараз апякуецца ў тым ліку жыццём беларускай суполкі на Віленшчыне.

Дзякуючы намаганням спадарыні Ванды пабачыў свет беларускі пераклад дзённіка Далі Грынкявічутэ „Літоўцы ля мора Лапцевых”. Гэта культавая ў Літве кніга, у якой апісаныя пакуты людзей, высланых за Палярнае кола Саветамі. Чаму важная гэта кніга для беларусаў – пра гэта размаўляем з „Госцем Рацыі” Вандай Марцінш душ Рэйш:

– Як я прыйшла. Магчыма лёгка адказаць і цяжка. Цяжка адказаць некалькімі словамі. Лёгка адказаць, калі шмат слоў, шмат расказваць. Па-першае, гэта спела ўва мне. Была такая асабістая гісторыя. У маёй сям’і было шмат рэпрэсаваных, у маёй сям’і быў дзядуля вывезены. На вокладцы кнігі „Мемарыял” у Новай Вільні, ён як раз з Новай Вільні, быў вывезены на доўгіх восем гадоў. Я толькі нядаўна перад смерцю маці расказала, што нават пасля гэтых васьмі гадоў яго не выпусцілі, ён уцёк. Ён уцёк і потым неяк там праз знаёмых ціхенька вырабілі яму дакументы, легалізаваўся, як кажуць. З боку бацькі ягоны родны брат на дзесяць гадоў старэйшы, таксама 19-гадовым юнаком трапіў у лагеры. Ён да канца стаяў на тым, што нічога не было. Ім прыпісалі антысавецкую дзейнасць і нейкую групоўку. Ён да канца стаяў, што гэтага не было, што ўзялі хлопца аднаго, збілі ў горкі яблык. Канешне ён усіх называў, каго толькі ведаў. Іх усіх забралі. Так, што гэта такое, што спела ўва мне. Я нешта хацела зрабіць, але не ведала што. Дзядзька потым ваяваў у арміі генерала Андэрса. Я думала, што магчыма хачу штосьці напісаць пра гэтую армію. Нават пачала глядзець матэрыялы. Гэта атрымалася выпадкова, проста гэта кропля ўпала на падрыхтаваную глебу. Гэта было лета 2021 года. У Літве 14-га чэрвеня гэта Дзень жалобы і надзеі, гэта заўсёды непрацоўны дзень, калі шмат мерапрыемстваў памяці. Гэта дзень пачатку высылкі, гэта дзень, калі ў 1941 годзе пачалі масава вывозіць літоўцаў, латышоў, эстонцаў і г.д. Толькі тыдзень заставаўся да пачатку вайны, іх амаль 19 тысяч вывезлі. Прычым везлі не так, як рэпрэсавалі ў Расеі, а па маёмаснаму прынцыпу. Тут больш адукаваных людзей везлі, якія стваралі патэнцыйную пагрозу новай уладзе. Пачала з Музею акупацыі ў былым будынку КДБ, што каля Лукішскай плошчы. Там яны чытаюць спісы, кожны год, кожнае імя кожнага чалавека гучыць, каго ведаюць. Я стала, пачала слухаць і вось жанчына: „Патрымайце сумачку, зараз мая чарга, іду чытаць гэты спіс”. Яна прачытала гэты спіс, мы разгаварыліся. Я даведалася ад яе, што ў Літве ёсць шмат асацыяцый, цяпер гэта ўжо тыя, хто там нарадзіўся, альбо быў вывезены ва ўзросце 1-2 гадоў. Вось гэта жанчына ва ўзросце двух гадоў была вывезеная. Але гэта ўсё жывое таму, што людзі яшчэ жывыя. Хто памёр, яны пакінулі свае ўспаміны.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Зараз Ванда Марцінш душ Рэйш займаецца перакладамі літоўскіх паэтаў на беларускую, „мы суседзі – а адно пра адное ведаем не шмат”, кажа яна.

Беларускае Радыё Рацыя