Валер Мацкевіч: Пуцін лёгка пусціць беларускую армію на „гарматнае мяса”
19-га снежня Уладзімір Пуцін упершыню за тры гады прыбыў у Беларусь і наведаў Палац Незалежнасці Лукашэнкі. Паведамляецца, што кіраўнік Крамля разам з Лукашэнкам абмеркавалі пытанні эканомікі і фінансаў у межах Саюзнай дзяржавы, а таксама ваенна-палітычную сітуацыю вакол дзвюх дзяржаў. Акрамя гэтага Лукашэнка атрымаў ад Пуціна расейскія ракетныя комплексы С-400 і „Іскандэр” і адразу паставіў іх на баявое дзяжурства ў Беларусі.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з прадстаўніком Народнай антыкрызіснай управы і Каардынацыйнай рады Беларусі Валерам Мацкевічам пра тое, навошта Пуцін прыехаў у Беларусь, ці скарыстае Крэмль у сваіх інтарэсах бліжэйшую дату 100-годдзя заснавання СССР, наколькі Лукашэнка каштоўны для Пуціна і якія планы ў дэмакратычнай апазіцыі ў выпадку карэнных зменаў сітуацыі ў Беларусі:
– Паводле майго меркавання, Пуцін, які не балаваў Лукашэнку сваімі візітамі ў Беларусь, звычайна Лукашэнка ездзіў да свайго гаспадара і справаздачыўся ці прымаў нейкія наказы. Цяпер мы бачым, што сам Пуцін прыязджае ў Менск. Тут канешне можна ацэньваць гэта, як тое, што гаспадар, які лічыць сябе гаспадаром „беларускага балкона”, як яны ў крамлі называюць нашую Беларусь. Ён прыйшоў аглядаць, як ён ужо думае, сваю ўласную тэрыторыю. Яны з Лукашэнкам мусяць абмяркоўваць яго стратэгічныя планы. На вялікі жаль гэтыя планы могуць быць звязаныя найперш з ваеннай агрэсіяй у дачыненні да Украіны.
Тут усе прыкметы, што Пуцін не збіраецца адмаўляцца ад сваіх імперскіх планаў, ад другога паходу на Кіеў. Відавочна, што для таго, каб здзейсніць гэтыя жудасныя планы, то мусяць быць пэўныя чыннікі, пэўныя варункі. Гэта і мабілізацыя, гэта і фармаванне сумеснай ударнай групоўкі войскаў, гэта і пытанне ваенна-прамысловага комплексу. Менавіта гэта можа стаць асноўнай тэмай, дзе Лукашэнка, на мой погляд, стратэгічна пагадзіўся на тое, каб удзельнічаць у сухапутнай аперацыі ў будучым. Будуць абмяркоўвацца пэўныя планы, пэўныя захады, якім чынам, калі , пры якіх абставінах гэтая агрэсія будзе ажыццяўляцца.
З „Госцем Рацыі” – прадстаўніком Народнай антыкрызіснай управы і Каардынацыйнай рады Беларусі Валерыя Мацкевічам, камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя