Новы партал «Свет Сібіры»: данесці праўду пра савецкія дэпартацыі да самога Усходу



Музей Памяці Сібіры ў супрацы з Цэнтрам імя Юліюша Мерашэўскага запусціў новы партал «Свет Сібіры» («Świat Sybiru»).

Гэты сайт закліканы даступна і цікава прадставіць усе мажлівыя гісторыі, звязаныя з дыскурсам пра Сібір. Кажа дырэктар Цэнтра Эрнэст Выцішкевіч:

-Па-першае, гэта частка нашай місіі, якая заключаецца ў вядзенні дыялогу з народамі Усходняй Еўропы, асабліва па вельмі цяжкіх, балючых старонках нашай агульнай гісторыі. Асабліва сёння гэты дыялог патрэбны, калі мы назіраем за падзеямі на Усходзе, усё цяжэй, нават немагчыма праводзіць даследаванні ў Расеі, на месцы, аналізаваць тое, што адбывалася ў мінулым у Сібіры. Мы адкрываем партал, які дапаможа тым, хто не можа быць тут асабіста, але хоча даведацца пра тое, што такое Сібір – як паняцце сімвалічнае, геаграфічнае, культурнае і палітычнае.

Партал «Свет Сібіры» змяшчае тэксты і фотаздымкі, у тым ліку факты пра высланых жыхароў Падляшша. Сайт працуе на польскай і ангельскай мовах. Таксама дапрацоўваецца рускамоўная версія, каб партал змаглі чытаць ва Усходняй Еўропе і Азіі.

Беларускае Радыё Рацыя