Агляд прэсы: Усё складана і неадназначна…
Ці прымусіць Пуцін Беларусь далучыцца да расейскага ўварвання ва Украіну? Як Кітай спраўляецца з COVID-19? Гендэрнае самавызначэнне ў Еўропе. Twitter: што прынясе адстаўка Ілона Маска? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна 19 снежня адбылася пасля некалькіх тыдняў паведамленняў, якія сведчаць аб павелічэнні прысутнасці расейскіх войскаў у Беларусі, а таксама пра тое, што беларускія вайскоўцы завяршаюць нацыянальныя вучэнні боегатоўнасці. Украіна, безумоўна, сур’ёзна ставіцца да гэтага пытання, бо Кіеў узмацніў абарону ўздоўж беларускай мяжы напярэдадні візіту Пуціна ў Менск», – піша ўкраінскае выданне Stopfake.org.
«Па выніках трохгадзіннай сустрэчы Пуцін і Лукашэнка не рабілі сур’ёзных заяваў. Пра тое, што абмяркоўвалася ў Менску за зачыненымі дзвярыма, не застаецца ніякай яснасці. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў выключыў магчымасць поўнамаштабнага ўдзелу Беларусі ва ўварванні Расеі, якое працягваецца. Пасля абвяшчэння ў верасні першай мабілізацыі ў Расеі пасля Другой сусветнай вайны Беларусь таксама стала служыць базай для падрыхтоўкі мабілізаваных войскаў. Пры гэтым у Беларусі мала грамадскага энтузіязму адносна ўварвання ва Украіну, што выклікае сумневы ў надзейнасці беларускай арміі, калі Лукашэнка сапраўды аддасць загад перасекчы мяжу Украіны. Тым не менш, беларускі дыктатар амаль цалкам залежыць ад Масквы ў плане свайго палітычнага выжывання і рызыкуе стаць расходным матэрыялам, калі адмовіцца ад прамых патрабаванняў Расеі ўступіць у вайну. Украінскія ваенныя планіроўшчыкі, безумоўна, не могуць дазволіць сабе адкінуць гэтую пагрозу. Яны правядуць перыяд калядных канікул, уважліва назіраючы за сітуацыяй, адначасова рыхтуючыся да патэнцыйнай эскалацыі на паўночным фронце. Для Пуціна прымусіць Беларусь уступіць у вайну было б адчайнай азартнай гульнёй, аднак з-за таго, што яго планы ўварвання хутка разбураюцца, а магчымасці звужаюцца, Пуцін можа вырашыць, што рызыка таго вартая», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.
Кітай рыхтуецца да піку захворвання COVID-19, СМІ паведамляюць аб перапоўненых крэматорыях. Аднак улады рапартуюць аб адсутнасці смяротных выпадкаў. Разам з тым мясцовыя эпідэміёлагі папярэджваюць, што на наступным тыдні захворванне дасягне піка. Новая хваля можа стаць самай маштабнай і працягнецца да канца зімы. Брытанская даследчая кампанія Airfinity чакае, што захворванне ў Кітаі дасягне 1 млн чалавек у суткі, а смяротнасць – звыш 5 тыс. чалавек. Паводле інфармацыі Euronews, у Шанхаі заразіліся COVID-19 ужо 5 млн чалавек, і мясцовая бальніца дапускае, што да наступнага тыдня інфіцыраваны будзе кожны другі жыхар 26-мільённага горада.
Аднак найбольш паказальная ў гэтай сітуацыі рэакцыя рынкаў. Пасля таго як 11 лістапада кітайскія ўлады аб’явілі аб паслабленні абмежаванняў, каціроўкі мясцовых кампаній пайшлі ўверх, а індэкс MSCI China вырас на траціну. «Зрэшты, пасля ажыятаж спаў», – адзначае амерыканскае выданне Bloomberg. «Рост захваральнасці ўтрымлівае людзей дома, а разам з гэтым і эканамічную актыўнасць. Сур’ёзнага ўзнаўлення рынка не адбудзецца аж да кітайскага Новага года».
На гэтым фоне ў Еўропе загаварылі пра спыненне авіязносін з Кітаем. З такой заявай, у прыватнасці, як піша нямецкая газета Der Spiegel, выступіў спікер парламенцкай групы ХДС/ХСС у Бундэстагу Юрген Харт. Паводле яго слоў, Берлін не павінен марудзіць і паўтараць памылку трохгадовай даўніны. Парламентарый ад „Зялёных” Янаш Дамен, у сваю чаргу, заклікае вярнуцца да маштабнага выкарыстання масак і папярэджвае, што разам з ростам колькасці інфікаваных павялічваюцца і шанцы віруса мутаваць.
Парламент Шатландыі па выніках самага працяглага паседжання за сваю гісторыю прыняў рашэнне, паводле якога па дасягненні шаснаццацігадовага ўзросту транслюдзі змогуць падаваць заяву на юрыдычнае прызнанне свайго новага полу без праходжання медыцынскага агляду. А вось у Швейцарыі сітуацыя адваротная: Федэральная рада адмовілася ўносіць катэгорыю «іншы» у графу аб палавой прыналежнасці на дакументах, якія сведчаць асобу. У абедзвюх краінах разгарнуліся гарачыя дыскусіі. Аўстрыйская газета Neue Zürcher Zeitung піша пра тое, што ўвядзенне катэгорыі трэцяга полу абяцае далёкасяжныя наступствы для прававога поля.
«Як будзе рэгулявацца пытанне вайсковай павіннасці для людзей, у якіх у графе «пол» указана «іншы»? А што стане з пенсіяй, прызначанай за памерлага мужа, якая ў Швейцарыі належыць толькі жанчыне? Атрымліваецца, што сама мова закона таксама мае патрэбу ў пераасэнсаванні. Не ў апошнюю чаргу размова будзе ісці і аб рэгуляванні паўсядзённага жыцця: возьмем доступ у грамадскія будынкі, бальнічныя палаты, гардэробы, прыбіральні і многае іншае. Кожны, хто сцвярджае, што не варта ўскладняць і што ўсе памяшканні варта зрабіць даступнымі для ўсіх палоў без выключэння, спрашчае сітуацыю, тым больш у кантэксце MeToo», – адзначае аўстрыйскае выданне.
Пасля шэрагу неспакойных тыдняў, якія прайшлі з моманту прыходу Ілона Маска ў анлайн-сэрвіс Twitter, ён абвясціў пра свой сыход з пасады кіраўніка сацсеткі. У сваім пасце Маск паведаміў, што сыдзе ў адстаўку, як толькі знойдзе каго-небудзь, хто апынецца дастаткова дурным, каб узяцца за гэтую працу. Раней 57,5 працэнта карыстальнікаў платформы, якія прынялі ўдзел у адпаведным апытанні, прагаласавалі за адстаўку Маска. Аглядальнікі абмяркоўваюць магчымыя наступствы. Нямецкая газета taz указвае на тое, што ў шматлікіх з тых, хто карыстаецца Twitter як інфармацыйнай платформай, проста няма іншага выбару, акрамя як тамака заставацца.
«Актывістам у Іране, мясцовым сілам у Афганістане ці курдскім пратэстоўцам не хапае часу на тое, каб замацавацца на нейкіх іншых платформах. Акрамя таго, іх адрасаты, у тым ліку міністэрствы, няўрадавыя арганізацыі і іншыя актывісты, не абавязкова ўсе будуць знаходзіцца на адной і той жа платформе. І гэта дылема: застацца і трываць далей ці ж выдаліць свой профіль і пачаць усё спачатку? Для многіх Twitter занадта важны, каб задавацца гэтым пытаннем», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя