„Дынама” пацярпела шостую паразу запар
Хакеісты сталічнага „Дынама” з паразы пачалі чарговую хатнюю серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У першым матчы заключнай хатняй серыі 2022 года мінчане сустракаліся з горшай камандай Усходняй канферэнцыі КХЛ – ніжнякамскім „Нафтахімікам”. Стартавая трэць скончылася на карысць „зуброў”: прапусціўшы першымі, гаспадары намаганнямі Брэндана Козуна хутка адыграліся і неўзабаве выйшлі наперад дзякуючы Дзмітрыю Корабаву – 2:1. У пачатку другога перыяду супернікі абмяняліся шайбамі (за мінчан вызначыўся Павел Варфаламееў), а на экватары паядынку Віталь Пінчук павялічыў перавагу „Дынама” да двух галоў – 4:2.
Аднак, здавалася б камфортная перавага „зуброў” выпарылася яшчэ да перапынку, дублем за „Нафтахімік” вызначыўся Энтані Камара. На гэтым „перастрэлка” каманд не скончылася: у фінальнай 20-хвілінцы на дзве шайбы наперад уцяклі ўжо ніжнякамцы. Адказу на падобны спрыт гасцей у мінчан не знайшлося, больш за тое, у канцоўцы гаспадары прапусцілі яшчэ раз. У выніку 4:7, чарговая няўдача „Дынама”.
Лепшым беларускім баскетбалістам прызнаны Максім Салаш
У канцы снежня „Прэсбол” падвёў рысу пад галасаваннем больш за сотню спецыялістаў і журналістаў на прадмет вызначэння лепшых баскетбалістаў і трэнераў 2022 года.
У мужчын першынстваваў нападнік „Ніжняга Ноўгарада” Максім Салаш, які набраў 33 працэнты ад усіх галасоў.
Зусім крыху яму саступіў разыгрываючы „Менска” Уладзіслаў Блізнюк (30 працэнтаў), трэцім стаў Яўген Бялянкоў з краснаярскага „Енісея”.
Цэнтравая нацыянальнай зборнай краіны і „Гарызонта” Анастасія Верамеенка ў чарговы раз прызнана лепшай баскетбалісткай Беларусі.
Гэтае прызнанне для Верамеенкі ўжо 13-е па ліку.
Сёлета Настасся заваявала абодва нацыянальныя трафеі. У красавіку яна з „Гарызонтам” выйграла чэмпіянат Беларусі і стала MVP фінальнай серыі, а ў снежні яе каманда ўзяла Кубак Беларусі.
Пунтус афіцыйна ўзначаліў „Нафтан”
Вядомы беларускі спецыяліст Юрый Пунтус афіцыйна ўзначаліў „Нафтан”. Пра гэта паведамляе прэс-служба наваполацкага клуба.
У мінулым сезоне Пунтус працаваў з „Коласам” на Кубку рэгіёнаў УЕФА, а ў другой палове сезона ўзначальваў „Макслайн”, які вывеў у вышэйшую лігу праз пераходныя матчы. Аднак БФФ не дапусціла рагачоўскі клуб да ліцэнзавання. „Нафтан” пад кіраўніцтвам Вячаслава Герашчанкі па выніках мінулага сезона першай лігі выйшаў у Д1 напрамую.
„Ліверпуль” перамог „Астан Вілу”
У матчы 17-га тура чэмпіянату Англіі па футболе „Астан Віла” на хатняй арэне прайграла „Ліверпулю” з лікам 1:3.
„Ньюкасл” буйна абыграў „Лестэр” 3:0, а „Брэнтфард” не ўтрымаў перамогу над „Тотэнхэмам” – 2:2
Стан Пеле пагоршыўся, ён развітаўся з сям’ёй
Стан легенды сусветнага футбола Пеле пагоршыўся.
Пра гэта паведамляе бізнэсовец Фрэнк Халід.
„Пеле, які працягвае знаходзіцца ў шпіталі, развітаўся са сваёй сям’ёй і сябрамі. Легенда футбола павольна прайграе бітву з ракам. Яго сям’я гаворыць, што стан пагаршаецца ўсё больш”, — напісаў Халід у твітары.
Пеле працягвае змагацца з наступствамі раку тоўстай кішкі. Ён быў змушаны правесці Каляды ў лякарні. Захворванне было выяўлена ў Пеле восенню мінулага года, пасля чаго 82-гадовы бразілец прайшоў курс хіміятэрапіі, але пасля арганізм перастаў рэагаваць на яе. У сувязі з гэтым яго стан паступова стаў пагаршацца, ён быў шпіталізаваны для правядзення тэстаў і перапрызначэння курса лячэння.
Беларускае Радыё Рацыя