Вынікі 2022 для Беларусі: Краіна ў рэпрэсіях губляе імідж, і ўсё больш залежыць ад Расеі
Экспертна-аналітычны клуб падвёў вынікі года падчас анлайн-сустрэчы «Вынікі 2022 года і прагнозы на 2023 год». Галоўная ўвага была скіравана на пытанне: якія галоўныя наступствы вайны для Беларусі ўжо выявіліся, а якія яшчэ наперадзе.
Кажа эканаміст, старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук:
– Першае, безумоўна, санкцыі, а другое па важнасці – разрыў адносінаў з Украінай, трэцяе – дэфолт або недадэфолт або паўдэфолт. Чацвёртая важная падзея – гэта падатковая карта і бюджэтныя трансферты з Расеі. Запусцілася эрозія бізнес-асяроддзя. Яшчэ адна важная тэндэнцыя – кардынальнае пагаршэнне іміджу Беларусі ў свеце. І апошняя маштабная тэндэнцыя – яшчэ большая залежнасць ад Расеі.
Адзіны пазітыўны момант на фоне ваеннай эрозіі суверэнітэту Беларусі адзначыў палітычны аналітык Арцём Шрайбман:
– Сфакусаваўся на нейкім, можна сказаць пазітыўным баку, абсалютна трагічнага трэнда. Усё ж такі і ў сферы вайсковай, і эканамічнай сферы паглыбленне гэтай залежнасці адбываецца дэ-факта, але не дэ-юрэ. Не адбываецца фармалізацыі кадыфікацыі той жа вайсковай інтэграцыі. У цэлам для будучай улады Беларусі нашмат большай праблемай было б пазбавіцца ад фармальных абавязацельстваў, чым ад сённяшніх форм гэтай эрозіі суверэнітэту.
На думку экспертаў, у 2023 годзе рэжым Беларусі працягне сваю закрытую працу з поўным кантролем бяспекі па ўсёй тэрыторыі. Сярод галоўных трэндаў наступнага года – мілітарызацыя як самога рэжыму, так і дэмакратычнай апазіцыі Беларусі, што ставіць усю сітуацыю ў залежнасць ад вынікаў вайны ва Украіне.
Беларускае Радыё Рацыя