Вільня падчас Калядаў



У Новым годзе Вільня адзначае сваё 700-годдзе. І ўжо напрыканцы 2022 года горад пачаў здзіўляць сваіх жыхароў і турыстаў размахам і шыкоўнай падрыхтоўкай да свята.

На галоўную ялінку, якая сёлета паўстала на Кафедральнай плошчы ў выглядзе торта з 700 свечкамі і дэкаратыўнымі люстрамі, літоўскія ўлады выдаткавалі 232 тысячы еўра. Але трэба зазначыць, што яны ў сваю чаргу сэканомілі на ялінцы на Ратушнай плошчы.

Замест яе там паўстаў са снегу і лёду сімвал горада – так званы жалезны воўк з легенды пра ўтварэнне Вільні. Дарэчы, добрая забава для дзетак. Ён стаіць на снежнай гары, з якой дзеці яшчэ і катаюцца. А пасля разам з дарослымі робяць сэлфі на фоне казачнай істоты.

Як заўжды радуе людзей сваімі ўпрыгожваннямі самая турыстычная і насычаная кавярнямі вуліца Сціклю. Штогод на Каляды ў горадзе праходзіць конкурс на лепшае ўпрыгожванне ўстаноў і кавярняў. Дэкор тычыцца адпаведнай тэмы, сёлета была тэматыка ўтульнасці. Першае месца ў гэтым годзе заняла дэкаратыўная інсталяцыя на месцы былой Лукішскай турмы, другое – ялінка ў чыгуначным парку, трэцяе месца аддалі вустрычнаму бару “Пяшчотная крэветка” з ялінкай, сабранай з вустрычных ракавін.

Уздоўж Кафедральнай плошчы праходзіць святочны кірмаш, дзе прадаюцца розныя сувеніры, прысмакі і напоі.

А побач з ім паўстаў святочны прыпынак, ад якога ад’язджае калядны цягнік. На ім бацькі разам з дзеткамі могуць праехаць пад калядную музыку цягам 20 хвілін па асноўных вуліцах Вільні і палюбавацца прыгажосцю святочнага горада.

Не будзем раскрываць усіх святочных прапановаў і паказваць усю прыгажосць Вільні. Пакінем на пасля, каб зацікавіць вас, дарагія сябры, наведаць прыгожую сталіцу Літвы, якая пачынае адзначаць свой маштабны юбілей ужо ў студзені наступнага года. Мяркуецца, што сёлетні фэст святла, з якога звычайна пачынаецца святкаванне юбілею горада, уразіць жыхароў і гасцей Вільні яшчэ больш за мінулыя гады.

Беларускае Радыё Рацыя