Агляд прэсы: важны крок



Лукашэнка і Пуцін на сустрэчы ў Санкт-Пецярбурзе „расставілі кропкі над i”. Сербска-косаўскія беспарадкі: баявая гатоўнасць на мяжы. Ва Украіне дэбаты вакол новага закона пра СМІ. Як у Кітаі рыхтуюцца да адкрыцця межаў? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У заявах Крамля і Менску пра саміт у Санкт-Пецярбурзе Украіна не згадваецца. Але гэты візіт Лукашэнкі падкрэсліў яго блізкасць да Пуціна і ўзмацніў засцярогі, што Масква паспрабуе ўцягнуць Беларусь, паўночнага суседа Украіны, больш непасрэдна ў вайну», – піша амерыканская газета The New York Times.

«Пасля візіту Пуціна ў Беларусь на мінулым тыдні, рэдкай замежнай паездкі для расейскага лідара пасля таго, як яго войскі ўступілі ў вайну ва Украіне, Лукашэнка накіраваўся ў Расею на двухдзённую сустрэчу лідараў краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Пуцін і Лукашэнка размаўлялі ў панядзелак на саміце, а затым паехалі ў свае рэзідэнцыі ў лімузіне расейскага лідара, працягваючы перамовы да позняга вечара. Раніцай у аўторак расейскі лідар забраў Лукашэнку, і яны разам паехалі на саміт у Рускі музей. І гэта паказальна, бо Беларусь, якая не мае выхаду да мора, залежыць ад Расеі ў плане бяспекі і паліва, а значная частка беларускай эканомікі звязана з перапрацоўкай расейскай нафты. На працягу многіх гадоў Лукашэнка імкнуўся збалансаваць геапалітычную прыналежнасць сваёй краіны паміж Расеяй і заходнімі краінамі. Але калі Пуцін падтрымаў Лукашэнку падчас масавых пратэстаў у 2020 годзе, то ў адказ Расея ўзяла максімум: выкарыстала Беларусь у якасці плацдарма для пачатку свайго поўнамаштабнага ўварвання ў Украіну. Пры гэтым Вашынгтонская даследчая група Інстытута вывучэння вайны заявіла ў сваёй справаздачы на мінулым тыдні, што ў той час як аднаўленне расейскага ўварвання з Беларусі гэтай зімой «малаверагоднае», пагроза такога наступу «нізкая, але магчымая», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

У 2008 годзе Косава ў аднабаковым парадку абвясціла незалежнасць ад Сербіі, напружанасць паміж дзвюма краінамі застававалася высокай. І вось у нашы дні Сербія размясціла свае войскі на мяжы з Косавам у «стане поўнай баявой гатоўнасці», ігнаруючы заклікі НАТА зняць напружанасць паміж дзвюма краінамі. Тэма пачатку патэнцыйнага канфлікту прыкавала да сябе аглядальнікаў з усяго свету.

«Гістарычны канфлікт адбыўся ў 1998-1999 гадах, калі этнічныя албанцы змагаліся з этнічнымі сербамі і ўрадам Югаславіі ў Косаве. Канфлікт атрымаў шырокі міжнародны рэзананс і быў вырашаны пры ўмяшанні Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора (NATO)», – адзначае брытанская газета The National World.

„Прэзідэнт Аляксандр Вучыч заявіў, што прыме ўсе меры для абароны народа і захавання Сербіі. Адносіны паміж Бялградам і Прышцінай распаліліся пасля паведамленняў у СМІ пра тое, што Прышціна рыхтуе „напад” на раёны пражывання этнічных сербаў на поўначы Косава. У панядзелак міратворцы пад кіраўніцтвам НАТО ў Косаве расследавалі інцыдэнт са стралянінай, які адбыўся ў горадзе Зубін-Паток на поўначы Косава, дзе мясцовыя этнічныя сербы на працягу апошніх двух тыдняў займалі барыкады на дарогах. Таксама Косава нядаўна адклала мясцовыя выбары, каб разрадзіць напружанасць пасля таго, як прадстаўнікі этнічных сербаў пакінулі свае пасады ў лістападзе ў знак пратэсту супраць рашэння ўрада Косава забараніць выдадзеныя Сербіяй нумарныя знакі для аўтамабіляў. Сербскія заканадаўцы, пракуроры і паліцэйскія таксама пакінулі пасады ў мясцовых органах улады. Аднак 9 снежня невядомыя ўзброеныя людзі паранілі супрацоўніка праваахоўных органаў Косава. Абедзве краіны фактычна знаходзяцца на мяжы ўзброенага канфлікту з-за аднабаковых дзеянняў краіны-суседкі на думку другой», – падкрэслівае брытанскае выданне.

Вярхоўная Рада Украіны большасцю галасоў ухваліла новы закон пра СМІ. Раней Еўразвяз рэкамендаваў Украіне рэфармаваць сваё заканадаўства ў гэтай сферы, для таго, каб яно адпавядала заканадаўству ЕЗ, кандыдатам на сяброўства ў якім краіна цяпер з’яўляецца афіцыйна. Новы законапраект сярод іншага прадугледжвае абмежаванне ўплыву алігархаў на ўкраінскія СМІ. Шэраг аглядальнікаў выказвае апасенні, што дзяржаўныя ведамствы могуць атрымаць занадта вялікую ўладу над сродкамі масавай інфармацыі. Сумневы адмятае ўкраінская газета Українська правда, якая піша пра тое, што прыняцце новага закона аб СМІ стане, у першую чаргу, важным крокам у бок ЕЗ.

«Да некаторай ступені абмежаванне ўплыву алігархаў адносіцца таксама да наступнай рэкамендацыі Еўракамісіі – да прыняцця закона аб СМІ, які прывёў бы заканадаўства Украіны ў адпаведнасць з Дырэктывай ЕЗ аб аўдыёвізуальных медыяпаслугах. У прыватнасці, гэты дакумент узмацняе паўнамоцтвы медыйнага рэгулятара – Нацыянальнай рады па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання», – адзначае ўкраінскае выданне.

Кітайскія турысты збіраюць валізкі, упершыню за тры гады іх выпусцяць за мяжу. Сэрвісы браніравання фіксуюць сяміразовы попыт на паездкі з КНР пасля навін аб адмене каранціну. Абмежаванні знімуць 8 студзеня. Гэта закране і тых, хто ўязджае ў Кітай. Пекін, у прыватнасці, адменіць абавязковую самаізаляцыю і спросціць працэдуру выдачы віз, хаця турыстычных сярод іх пакуль няма. Улады таксама разглядаюць магчымасць адкрыцця наземных пасажырскіх зносін паміж Расеяй і Кітаем у пачатку 2023 года. У сусветных СМІ адмена каранціну ў Кітаі стала адной з галоўных. «Карыстальнікі мясцовых сацыяльных сетак узрадаваліся доўгачаканаму зняццю абмежаванняў на выезд. Кітайскія турысты былі важнай крыніцай даходу для гатэльераў ва ўсіх краінах. Між тым растуць кітайскія, японскія і карэйскія каштоўныя паперы», – робіць свае камэнтары амерыканскае выданне Bloomberg.

«У лідарах – акцыі рытэйлераў і турыстычных кампаній. Але жаданне хутчэй вярнуцца да нармальнага жыцця кантрастуе з рызыкай перапаўнення бальніц. Адмова ад жорсткіх абмежаванняў у пачатку снежня прывяла да выбуховага росту захворвання ў Кітаі. «Яшчэ месяц таму мы абяцалі прытрымлівацца палітыкі нулявой цярпімасці, а цяпер робім выгляд, быццам нічога не было», – цытуе амерыканскае выданне Bloomberg карыстальніка кітайскай сацсеткі Weibo.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя