Агляд прэсы: Утаймаванне свавольных
Украінскі амбасадар заявіў, што Беларусь рыхтуецца да вайны. Расея наўпрост цісне на Арменію. Да чаго прывядзе адмова страхаваць марскі экспарт расейскай нафты? Апакаліпсіс 2050: свет на шляху да падзення ВУП на 15%. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Беларусь выклікала амбасадара Украіны пасля ракетнага падзення на тэрыторыі краіны і выказала рашучы пратэст па сітуацыі з ракетай. Тым не менш амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім паспеў даць інтэрв’ю «Еўрапейскай праўдзе», у якім заявіў, што войска Беларусі рыхтуецца да вайны, але грамадства ўспрыме гэта негатыўна. «Па словах Ігара Кізіма, калі гаворка ідзе аб пагрозе з боку Беларусі, то маецца на ўвазе не толькі яе войска, але і ВС РФ. Таму менавіта расейскія войскі – галоўная рызыка», – сочыць за сітуацыяй украінскае выданне Focus.ua.
«Па словах украінскага дыпламата, Беларусь рыхтуецца да вайны – гэта ні для каго не сакрэт. Пытанне тут заключаецца ў тым, да якой вайны яны вядуць падрыхтоўку. Афіцыйныя асобы ў краіне гавораць, што яны не плануюць ні на каго нападаць, размова ідзе аб абароне. «Але вы ж разумееце, калі размова ідзе аб пагрозе з боку Беларусі, то размова ідзе не толькі аб беларускай арміі. Уварванне 24 лютага адбылося з тэрыторыі Беларусі, хоць гэта былі расейскія войскі. Таму наяўнасць расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі — галоўная рызыка», – заявіў Кізім. Цяпер ідзе размова аб паўнацэнным разгортванні агульнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы. Раней яна існавала толькі на паперы і павінна была мець: да 10 000 салдат, каля 100 танкаў, 170 артылерыйскіх сістэм. На пытанне, ці будзе Лукашэнка ісці да апошняга і не ўступаць у вайну войскам амбасадар заявіў, што Беларусь – гэта не Расея. Таму любыя агрэсіўныя дзеянні беларускае грамадства будзе ўспрымаць негатыўна. Улады павінныя гэта ўлічваць», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.
У Ерэване ўжо цалкам гучна і публічна кажуць пра ціск, які Расея аказвае на Арменію. Прэм’ер-міністр краіны Мікол Пашынян, які нядаўна адмовіўся падпісваць выніковы дакумент саміту АДКБ, які прайшоў у армянскай сталіцы, заявіў Пуціну, што расейскія міратворцы не спраўляюцца са сваімі функцыямі. «Але нічога дзіўнага ў гэтым няма. Поспех Азербайджана ў другой карабахскай вайне, як правіла, тлумачаць лепшай падрыхтоўкай да вайны і сучаснай тэхнічнай абсталяванасцю. Аднак галоўны сакрэт поспеху Азербайджана звязаны з упэўненасцю армянскага кіраўніцтва і грамадства ў тым, што Расея не дасць Арменію ў крыўду», – лічыць расейскае незалежнае выданне Graniru.
„У гэтым і складалася фундаментальная памылка, і адсюль жа неразуменне таго, чаму так шчасліва для Арменіі завяршылася першая вайна ў Карабаху. Рэжым, які ўсталяваўся ў Азербайджане, між іншым, менавіта дзякуючы паразе ў першай карабахскай вайне, рэжым кланавай сямейнай улады – нашмат бліжэй і зразумелы Уладзіміру Пуціну, чым улада, якая ўсталявалася ў Арменіі пасля перамогі народнага паўстання ў гэтай краіне і краху прарасейскіх карумпаваных кланаў былых прэзідэнтаў Роберта Качарана і Сержа Саргсяна. Параза Арменіі ў другой карабахскай вайне павінна была стаць для армян урокам, паказальнай лупцоўкай: вось што бывае з тымі, хто не шануе расейскіх стаўленікаў. Прыкладна гэтак жа, як напад на Украіну ў 2014 годзе – пакаранне за Майдан, а напад у 2022 годзе – прамое следства адмовы новага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ад капітуляцыі перад Расеяй і яго рашэнні пачаць санкцыйны пераслед украінскага напарніка Пуціна Віктара Медведчука. Як і ў выпадку з Украінай, у выпадку з Арменіяй у Крамлі пралічыліся. Горыч паразы аказалася непараўнальнай з той агідай, якую армяне адчуваюць да карумпаваных марыянетак Масквы. Пашынян збярог уладу. Менавіта таму „пакаранне Арменіі” будзе працягвацца аж да краху дзейнай армянскай улады. А калі абрынецца Арменія, Азербайджан рушыць услед за ёй», – прагназуе незалежнае расейскае выданне.
Заходнія страхавальнікі адмаўляюцца працаваць з расейскімі грузамі. З 2022 года міжнародныя кампаніі адмяняюць пакрыццё ваенных рызык у Расеі, Украіне і Беларусі. Гаворка ў прыватнасці ідзе аб групе фірмаў у рамках P&I Club, якія страхуюць каля 90% усіх марскіх судоў у свеце.
«Зрэшты, паводле вынікаў снежня», – як паведамляе брытанская газета Financial Times, – «чвэрць адгрузкі расейскай нафты праходзіла менавіта пад страхоўкай заходніх кампаній. Нягледзячы на ўведзеную столю цэнаў у снежні, заходнія кампаніі працягнулі страхаваць марскі экспарт расейскай нафты. Прынамсі, чвэрць усіх перавозак была пакрытая менавіта імі. Размова ідзе аб пастаўках у Індыю, Кітай і Турцыю. Акрамя таго, чатыры судны адправіліся ў Балгарыю, якая вызвалена ад забароны на імпарт. Механізм столі цэнаў прадугледжвае, што карыстацца паслугамі заходніх брокераў і страхавальнікаў могуць толькі тыя пакупнікі расейскай нафты, якія заплацілі менш за $ 60 за барэль. Зрэшты, абмежаванне яшчэ не аказала значнага ўплыву на Маскву, паколькі Urals прадаецца са зніжкай у параўнанні з Brent ніжэй за лімітавую цану», – адзначае брытанскае выданне.
«Да 2050 года сусветны ВУП упадзе на катастрафічныя 15%, калі не ўтаймаваць сучасныя тэндэнцыі выкідаў, а глабальнае пацяпленне дасягне 2,2°C да 2050 года. Кліматычная катастрофа з’яўляецца сур’ёзнай пагрозай для сусветнай эканомікі, і больш халодныя краіны больш не атрымліваюць выгады ад сціплага пацяплення», – прагназуе еўрапейскае выданне bne IntelliNews.
«Маштабы пагрозы ашаламляльныя. Поўнае эканамічнае знішчэнне можа адбыцца, калі глабальнае пацяпленне працягнецца з цяперашняй хуткасцю ў напрамку павышэння на 5°C да 2100 года. Гэта будзе азначаць масавае выміранне большасці відаў жывёл, бо свет фізічна або эканамічна наўрад ці можа справіцца з працяглым павышэннем тэмпературы. У сукупнасці пацяпленне на 2,2°C да 2050 г. можа знізіць узровень сусветнага ВУП на 10-20%. Што вельмі важна, гэта ў параўнанні са зніжэннем на 6,5%, якое раней прагназавала Oxford Economics. Прасцей кажучы, калі змяненне клімату працягнецца такімі тэмпамі, як цяпер, ці нават не дасягне мэтавых паказчыкаў Парыжскага пагаднення ў 1,5°C, тады вялікія ўчасткі свету больш не змогуць стаць прыдатнымі для жыцця, што прывядзе да масавых чалавечых пакут, масавай міграцыі з гарачых ў больш халодныя краіны, а за імі і крах сусветнай эканамічнай сістэмы. Гэта пераклікаецца з адной з высноў COP27: змяненне клімату больш не з’яўляецца толькі кліматычнай або экалагічнай праблемай, але цяпер гэта палітычная, эканамічная і сацыяльная праблема, якую неабходна вырашаць, калі чалавецтва хоча працягваць жыць такім жыццём, як у цяперашні час, і пазбегнуць чалавечага апакаліпсісу», – заклікае еўрапейскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя