БАТЭ адолеў менскае „Дынама”



У цэнтральным матчы 2-га туру футбольнага першынства Беларусі чэмпіён краіны ў Менску перамог сталічнае „Дынама” – 2:0. Лёс паядынка на сваю карысць БАТЭ вырашыў у другім тайме, калі двойчы прымусіў капітуляваць брамніка дынамаўцаў Васіля Хамутоўскага. Забітыя мячы на рахунку Максіма Валадзько (56-я хвіліна) і Віталя Радзівонава (76-я).

Напярэдадні прайшлі два надзвычай „прэсныя” матчы, якія зусім не прынеслі галоў: „Гомель” – Нёман” (Гародня) – 0:0,  „Нафтан” (Наваполацк) – „Граніт” (Мікашэвічы) – 0:0.

У нядзелю падзеі разгортваліся куды весялей. Акрамя згаданага „класіка” прайшлі яшчэ тры сустрэчы. „Слуцк” прымаў жодзінскае „Тарпеда” – у выніку 1:1. Галы на рахунку Віталя Марахоўскага (66-я) і Дзмітрыя Платонава (39-я).  Іншыя спатканні завяршыліся так: „Славія” (Мазыр) – „Шахцёр” (Салігорск) – 1:1 (Дзяніс Лапцеў, 42-я; Мікалай Януш, 68-я), „Белшына” (Бабруйск) – „Віцебск” – 1:1 (Ілья Галюза, 60-я; Дзмітрый Коўб, 34-я, з пенальці). У апошнім матчы галкіпер віцеблянаў Дзмітрый Гушчанка, які раней выступаў за „Белшыну” адбіў два пенальці.

Такім чынам на дадзены момант турнірную табліцу ўзначальваюць БАТЭ -6 ачкоў, „Шахцёр” і „Гомель” – па 4 ачкі.

Беларускае Радыё Рацыя