У Варшаве адзначылі 10-годдзе дзейнасці СПБ



У Варшаве прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя 10-годдзю дзейнасці Саюза палякаў на Беларусі ва ўмовах непрызнавання ўладамі краіны.  Мерапрыемства, арганізаванае супольна з таварыствам „Wspólnota Polska” , адбылося ў сядзібе арганізацыі на Кракаўскім прадмесці. Прэзентацыя дзейнасці польскай меншасці, канцэрты польскіх і беларускіх гуртоў, фотавыстава і вернісаж польскіх мастакоў з Беларусі сталі доказам таго, што негледзячы на пераслед з боку ўладаў арганізацыя плённа працуе – лічыць старшыня галоўнай рады Саюза палякаў Анжаліка Борыс.

– Сёння нас звінавачваюць у тым самым, што і ў 2005 годзе: што саюзу няма, што мы дзейнічаем нелегальна, што мы не існуем. Тое, што мы мелі ў 2005 годзе, праяўляецца і пасля 10 гадоў. Можа, у менш вострай форме. Цяжка прадбачыць, да чаго імкнуцца ўлады. Напэўна, да таго, каб максімальна зменшыць нашу актыўнасць у Саюзе палякаў.

У 2005 годзе беларускія ўлады не прызналі вынікаў з’езду Саюза палякаў, на якім старшынёй  была абраная Анжаліка Борыс. З той пары арганізацыя вымушана дзейнічаць ва ўмовах нелегальнасці. Улады канфіскавалі ўсе польскія дамы, якія былі пабудаваныя ці набытыя за кошт Рэспублікі Польшча на тэрыторыі Беларусі, а актывісты Саюза палякаў шматразова прыцягваліся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за сваю дзейнасць.

Беларускае Радыё Рацыя