Экскурсаводаў абавязалі праходзіць атэстацыю
З 1-га студзеня ў Беларусі набылі моц праўкі ў закон „Аб турызме”.
Прынамсі ён датычыць экскурсаводаў. Усе яны павінны праходзіць абавязковую атэстацыю, якая выдаецца на пяць гадоў. Пры гэтым да яе праходжання не дапусцяць грамадзян асуджаных па крымінальных і адміністрацыйных артыкулах, сярод якіх і „палітычныя”.
Таксама гід павінен працаваць толькі па сваім маршруце, мець пры сябе адпаведны бэйдж. На думку эксперта ў турыстычнай галіне Таццяны Хвагінай, узмацненне рэгламентаў можа адвярнуць ад экскурсійнай справы шмат людзей:
– Будуць і паламаныя лёсы таму, што нехта трапіць пад гэтае рэпрэсіўнае кола і скажа, не хачу я гэтых грошаў, не хачу я гэтых воплескаў, апладысментаў. Бо ён убачыць, што гэта справа, якая падавалася творчай і такой яна павінна быць. На самой справе яна вельмі рэгламентаваная, я б сказала, што больш страшэнна, чым у савецкія часы.
На думку суразмоўцы, перад тым як узмацняць кантроль, трэба стварыць навукова-метадычную базу, пачаць сістэмнае навучанне экскурсаводаў, а ўжо затым запытваць з людзей.
Беларускае Радыё Рацыя