200 дзён за кратамі Аляксандра Кудловіча



Роўна 200 дзён за кратамі знаходзіцца палітвязень з Берасцейшчыны Аляксандр Кудловіч.

Аляксандр асуджаны адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Гэта артыкул 369 або „Абраза прадстаўніка ўлады” і артыкул 368 або „Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

Фатограф з горада Баранавічы Берасцейскай вобласці Аляксандр Кудловіч быў затрыманы ў чэрвені 2022 года. Праз палітычны пераслед у 2020 годзе вымушаны выехаць у Расею, але з-за пратэрмінаванага пашпарта і пачатку вайны вярнуўся ў Беларусь.

Падставай да завядзення крымінальнай справы паслужыла тое, што ў верасні і лістападзе 2020 года палітвязень размясціў у Telegram-канале і мэсэнджэры Viber абразлівую інфармацыю ў дачыненні да Лукашэнкі, а таксама міністра ўнутраных спраў, якім на той момант з’яўляўся Юры Караеў.

Суд баранавіцкага раёна прызнаў Аляксандра Кудловіча віноўным адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на два гады ў калоніі агульнага рэжыма.

Беларускае Радыё Рацыя