Агляд прэсы: Гарантый няма, але шанец ёсць
Беларусь выказала пратэст Украіне за збітую ракету ЗРК. Як паўплывала вайна на жыццё расейцаў? Харватыя ў Еўропе. Cпадчына папы Бенедыкта XVI. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Перад Новым годам Беларусь выказала амбасадару Украіны пратэст у сувязі з тым, што яна збіла ўкраінскую ракету сістэмы супрацьракетнай абароны С-300 у полі. Здарылася гэта падчас аднаго з самых жорсткіх расейскіх авіяўдараў па Украіне», – піша еўрапейскае выданне The Eureporter.
„Ваенны камісар Берасцейскай вобласці Алег Канавалаў параўнаў гэты інцыдэнт з інцыдэнтам, які адбыўся ў лістападзе, калі С-300, як мяркуецца, адхіліўся ад абстрэлу ўкраінскай супрацьпаветранай абароны, і прызямліўся на тэрыторыі Польшчы, якая ўваходзіць у склад NATO, што выклікала асцярогі аб эскалацыі, але пра тое ўсе забыліся. У гэтым выпадку Мінабароны Украіны заявіла, што гатова запрасіць экспертаў з іншых краін для расследавання інцыдэнту, які, на іх погляд, прывёў да адбіцця «варварскага» расейскага ракетнага ўдару па грамадзянскіх аб’ектах. Таксама яны не выключаюць «наўмыснай правакацыі», калі Расея пускала крылатыя ракеты па маршруце, дзе яны маглі быць перахопленыя беларускімі сіламі. Па сутнасці, украінскі вайсковы прадстаўнік таксама прызнаў, што ракета была выпадковай. Ён сказаў, што інцыдэнт не нясе «нічога незвычайнага, гэта вынік супрацьпаветранай абароны» і што гэта «адбывалася не адзін раз». Паказальна, што і Расея, і Украіна выкарыстоўваюць сістэмы СПА савецкіх часоў С-300», – адзначае еўрапейскае выданне.
Вайна, распачатая Расеяй супраць Украіны, а таксама санкцыі, уведзеныя ў адказ Захадам у дачыненні да расейскіх кампаній, шэрагу тавараў і асобных персон, наносяць шкоду расейскай эканоміцы. Сюды ж трэба дадаць мабілізацыю і пастаянна растучыя абмежаванні ў дачыненні да СМІ і НДА. Аглядальнікі пішуць аб тым, як усё гэта ўплывае на жыццё людзей у Расеі. Бо Расею пакінула да аднаго мільёна чалавек, і крызіс такога маштабу ў апошні раз быў, відаць, хіба ў 1918 годзе. «Пуцін па-ранейшаму пазбягае слова «вайна», але пасланыя ім сігналы цалкам адназначныя», – адзначае італьянская газета La Stampa.
«Яго навагодні зварот быў запісаны не ў Крамлі, а на камандным пункце Паўднёвай ваеннай акругі ў Растове-на-Доне, і ўпершыню прэзідэнт быў не адзін, а ў асяроддзі вайскоўцаў – маўклівых і з сур’ёзным выразам твараў. Ніякіх саступак партыйнай эстэтыцы, ніякіх адступленняў па агульных пытаннях, ніякага імкнення да міру. Крэмль пакінуў усе папярэднія спробы зрабіць выгляд, што нармальнасць ні на ёту не парушана «цяжкімі і важнымі рашэннямі». Прэзідэнт не вымавіў таго слова, якое сам жа і забараніў, але некалькі разоў паўтарыў «мы ваюем», і ганарыцца гэтым», – адзначае італьянскае выданне.
З 1-га студзеня 2023 года Харватыя, якая ўжо ўваходзіць у Еўразвяз, стала таксама сябрам еўразоны і Шэнгенскага пагаднення. На сумеснай прэс-канферэнцыі ў Заграбе прэм’ер-міністр Харватыі Андрэй Плянковіч і старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляйен гаварылі пра «гістарычны момант» і «дзень, пра які будуць пісаць у падручніках гісторыі». Харвацкая газета Jutarnji list заклікае на расслабляцца.
«Уступленне ў шэрагі Еўразвязу, якое здарылася дзесяць гадоў таму, са спазненнем на дзесяць гадоў, а цяпер яшчэ далучэнне і да еўразоны, і Шэнгена – усё гэта проста магчымасці, але зусім не гарантыі. Манна нябесная не ўпала ўчора на нашы галовы. Самае смачнае, як заўжды, трэба яшчэ заслужыць! Праблемы, карані якіх ляжаць за межамі Харватыі, нашай краіне цяжка было б вырашыць у адзіночку, а таму сяброўства ў ЕЗ у гэтым плане вельмі дарэчы. У той самы час Харватыя даказала, што здольная дзейнічаць і самастойна: ніхто іншы не вызваляў яе тэрыторыю ад акупантаў у 90-я гады. Аднак, з іншага боку, Харватыя прадэманстравала, што няздольная збочыць праблемы, створаныя сваімі ўласнымі рукамі, але толькі пагаршае іх», – канстатуе харвацкае выданне.
З самай раніцы ў панядзелак перад Саборам Святога Пятра ў Рыме выстраілася чарга вернікаў, якія жадалі развітацца з памерлым папам Бенедыктам XVI. Бенедыкт, папа рымскі ў адстаўцы, памёр у суботу ва ўзросце 95 гадоў. Еўрапейская прэса падводзіць вынікі яго пантыфікату і піша пра тое, якім запомніцца гэты папа, на век якога прыпалі скандалы, звязаныя з педафіліяй сярод святароў, а таксама спробы як захаваць традыцыі, так і рашуча абнавіць каталіцкую царкву. «Навесці масты яму не ўдалося», – піша нямецкая газета Frankfurter Rundschau.
«Ні падчас свайго васьмігадовага знаходжання на папскім прастоле, ні пасля – калі ён быў ужо на спакоі – нямецкаму папе не ўдавалася ўступіць у плённы дыялог з сучасным грамадствам і выбудаваць сувязь паміж сваёй царквой і сённяшнім светам. Будучы папам, Бенедыкт XVI, наадварот, хутчэй спрабаваў падняць развадны мост – дазволім сабе такое параўнанне, каб паглыбіць крэпасны роў, напоўнены вадой, і тым самым абараніць каталіцкую царкву як свайго роду крэпасць ад тлятворнага ўплыву сучаснасці», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
