Новы год у Гадэрдзі



Горналыжны курорт Гадэрдзі ў горнай Аджарыі стаў месцам, дзе я ўжо другі год запар сустракаю Новы год. Сам курорт знаходзіцца на перавале Гадэрдзі, на вышыні 2027 метраў над узроўнем мора.

Тэрытарыяльна Гадэрдзі па мапе знаходзіцца ў 252 км ад Тбілісі і ў 109 км ад Батумі. Гэтыя 109 кіламетраў дзеляцца як бы на дзве часткі, першая – добрая дарога да Хуло, першыя 70 кіламетраў асфальту, якія звычайна наш бус праязджае за 2 гадзіны, і цяжкая траса да самога Гадэрдзі – каля 30 кіламетраў па горнай абледзянелай трасе, якую праязджаем на джыпах альбо на адмысловых «дэліках», спецыяльных мінібусіках высокай прахадзімасці.

З-за сваёй блізкасці да Чорнага мора, гэтае месца характарызуецца багатымі ападкамі, якія робяць курорт больш прывабным. Курорт Гадэрдзі адрозніваецца ўражлівай прыродай, выдатнымі відамі, чыстым паветрам і разнастайнасцю ландшафтаў.

Курорт з’яўляецца адным з лепшых для аматараў лыжнікаў непратаптанага снегу. Катацца на лыжах можна ў так званай альпійскай зоне, часта ў іглістых лясах і нават у вёсках.

Калі вы збярэцеся ў Гадэрдзі, трэба ведаць пра плюсы і мінумы гэтага месца.
Мабыць пачну з мінусаў:

  1. Дабрацца лягчэй, калі замаўляеце трансфер, грамадскі транспарт пакуль кепска ходзіць у зімовы перыяд, гэта значыць трэба будзе дабірацца да бліжэйшага райцэнтра далей на таксі, ці на замоўленым бусе.
  2. Курорт развіваецца і інфраструктура пакуль не развіта ў поўнай меры, але ўсё самае неабходнае ёсць.
  3. Бывае моцны вецер, які адчувальны падчас спуску нават у кабінцы пад’ёмніка.
  4. Не людна, нягледзячы на вялікую прапускную здольнасць.
  5. Невялікая колькасць крамак і кавярняў, дзе параўнальна высокія кошты, прыкладна на 20 адсодкаў большыя чым у Батумі.

Плюсы:

  1. Шырокія, доўгія, спадзістыя і дагледжаныя трасы для катання.
  2. Выдатныя магчымасці для бэккантры і ляснога катання.
  3. Шмат снегу з пачатку снежня да канца сакавіка.
  4. Сучасныя камфортныя пад’ёмнікі.
  5. Ніякіх чэргаў ля пад’ёмнікаў.
    Выезд з курорту магчымы таксама толькі пры папярэдняй дамоўленасці на спецыяльным транспарце з павышанай прахадзімасцю: джыпы, «дэлікі», ці бусы з адмысловымі лангугамі на колах. Дарогі не чысцяць ад снегу і лёду і гэта ўскладняе праезд.

Адзін з удзельнікаў нашага навагодняга падарожжа ў Гадэрдзі так ахарактэрызаваў сваё бачанне гэтага курорта:

«Трасаў для катання ўсяго дзве і яны амаль прамалінейныя на адной гары. Ніжняя – сіняя, практычна цалкам збітая да камянёў і снежных грудоў. Там катаецца мясцовая «школота» на прамых лыжах, на максімальнай хуткасці, якая не ўмее не тармазіць, ні паварочваць. І ніхто за гэтым не сочыць, па трасе катаецца толькі адзін патрульны, які пад’язджае толькі да тых, хто ўпаў, а за парадкам – не сочыць. Верхняя траса – чырвоная, выдатная траса, ідэальнае пакрыццё з-за адсутнасці «школота», ёсць магчымасць поўнага фрырайда да пачатку ніжняй трасы. Але ў сноўбардыстаў часта ўзнікаюць праблемы на гэтай трасе: там ёсць два спадзістыя ўчасткі і адзін міні ўздым. У бордаў часта не хапае хуткасці, каб пераадолець іх. Па сэрвісе ўсё вельмі дрэнна. Абсталяванне 10-15 гадовай даўніны. А кошты самыя высокія ў Грузіі. Пракат дошкі – 30 лар/суткі, шлем і маска – 10 лар, цюбінг – 50 лар. Гатэлі вельмі дарагія, а сэрвіс так сабе (напрыклад, пакуначак гарбаты каштуе 3 лар). Мы жылі ў верхнім гатэлі, спусціцца і падняцца ў які можна толькі на паўнапрывадным аўта. А разавая паездка на аўто каштуе 50 лар у незалежнасці ад пройдзенай адлегласці. Нумар на сям’ю – 300 лар/суткі.»

Мова з якой можна звяртацца да мясцовых жыхароў — грузінская, але можна размаўляць і па-руску, вітаюцца жыхары адзін да аднаго па-турэцку. Замест «гамарджоба» – тут можна пачуць «салям».

Аднак усе мінусы курорта вельмі добра перакрываюцца плюсамі, у дадзеным выпадку прыгожым даляглядам.

Спадзяюся, я яшчэ заеду сюды ўлетку ў зялёныя горы і азёры.

Беларускае Радыё Рацыя, Батумі-Гадэрдзі-Батумі