Мінабароны Польшчы падпісала дамову на пастаўку 116 танкаў Abrams
Міністр абароны Польшчы, віцэ-прэм’ер Марыюш Блашчак сёння, 4 студзеня. падпісаў дамову на пастаўку 116 амерыканскіх танкаў M1A1 Abrams.
Кошт кантракта складае 1,4 мільярда даляраў, з якіх 200 мільёнаў даляраў будуць прафінансаваныя за кошт амерыканскага боку. Дамова таксама ўключае пастаўку машын тэхнічнага суправаджэння, транспарцёраў, запасных частак, а таксама навучанне польскіх танкістаў. Першыя танкі Польшча павінна атрымаць ужо сёлета.
Танкі паступяць на ўзбраенне 18-й механізаванай дывізіі польскага войска. Яна размяшчаецца ва ўсходняй частцы Польшчы са штаб-кватэрай у Седльцах. Прадугледжваецца, што Abrams-ы будуць знаходзіцца пад Варшавай.
У мінулым годзе таксама быў падпісаны кантракт на пакупку 250 танкаў Abrams у найноўшай версіі, якія паступяць на ўзбраенне Польшчы пазней.