Агляд прэсы: пагроза патавай сітуацыі
Калі ўвесь свет глядзеў убок, Расея ціха ўзяла пад кантроль Беларусь. Ці скончыцца ў гэтым годзе вайна супраць Украіны? Выбарчы крызіс рэспубліканцаў. Турцыя перад выбарамі: канец Эрдагана?Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Размовы пра тое, што Беларусь дыктатара Лукашэнкі стане васалам Расеі, атрымалі вагу ў 2020 годзе, калі рэжым жорстка здушыў усе формы пратэсту пры поўнай падтрымцы Масквы. Праз два гады лукашэнкаўская Беларусь ледзь незалежная ад Крамля. Беларуская эканоміка залежыць ад прамых і ўскосных фінансавых унёскаў Расеі, расейскае войска размешчана па ўсёй краіне, а яе тэрыторыя выкарыстоўваецца для ракетных абстрэлаў Украіны», – піша ўкраінская газета The Kyiv Independent.
«Расея рыхтуе беларускіх вайскоўцаў, апазіцыя краіны знаходзіцца ў турмах ці выгнанні, а дзяржаўная мова краіны – беларуская – актыўна падаўляецца ўладамі на карысць расейскай. Беларусь таксама з’яўляецца часткай Саюзнай дзяржавы, палітычнага саюза з Расеяй, які раней павольна інтэграваў Беларусь. Напрыканцы кастрычніка 2022 года парламент Украіны першым прызнаў Беларусь «часова акупаванай тэрыторыяй» і звярнуўся да міжнароднай супольнасці з просьбай прыняць адпаведныя меры. Лідары беларускай апазіцыі ў выгнанні падтрымалі рэзалюцыю Украіны. Аднак многія эксперты пярэчаць супраць гэтага азначэння. Згодна з міжнародным правам, тэрыторыя лічыцца акупаванай, калі яе фактычна кантралюе замежная армія. У той час як расейскія войскі ўстойліва прысутнічаюць у Беларусі, заяўленая колькасць далёкая ад той, якая дазволіла б ім эфектыўна кантраляваць краіну. Больш за тое, Лукашэнка па-ранейшаму моцна кантралюе ўнутраныя праблемы ў краіне і, як мяркуюць, актыўна выступае супраць далейшай інтэграцыі з Расеяй. Уяўленне пра тое, што Беларусь акупаваная, таксама размывае адказнасць мясцовых уладаў, вайскоўцаў і праваахоўных органаў. Згодна з міжнародным правам і палітычнай тэорыяй, Беларусь з’яўляецца незалежнай дыктатурай, якой па-ранейшаму кіруе мясцовы дыктатар – Лукашэнка. Хоць прысутнасць расейскіх войскаў на беларускай зямлі не робіць яе тэхнічна акупаванай, краіна перажывае больш шырокі і трывожны працэс перадачы свайго суверэнітэту Расеі. Калі не акупацыя, дык каланізацыя», – падсумоўвае ўкраінскае выданне.
Крэмль адкарэктаваў афіцыйныя дадзеныя па колькасці вайскоўцаў РФ, якія загінулі ў выніку ўдару, нанесенага ВСУ ў навагоднюю ноч па месцы дыслакацыі расейскіх сіл у Макееўцы. Цяпер Міністэрства абароны заяўляе аб тым, што загінула 89 чалавек. На гэтым фоне пракрамлёўскія блогеры і дэпутаты абрынуліся з рэзкай крытыкай на расейскае ваеннае кіраўніцтва. Тым часам украінцы занятыя ўхіленнем наступстваў нядаўніх абстрэлаў сваёй тэрыторыі ракетамі і беспілотнікамі з боку Расеі. Еўрапейская прэса разважае пра тое, як будзе развівацца вайна ў доўгатэрміновай перспектыве. «Нягледзячы на памылкі, расейскае войска цалкам можа ўтрымаць свае пазіцыі», – такое асцярогі выказвае швейцарская газета La Tribune de Genève.
«Гэты апошні крывавы эпізод наглядна дэманструе прынамсі адну рэч: расейскае войска не вучыцца на сваіх памылках. Салдаты ў Макееўцы, мяркуючы па ўсім, сваімі званкамі па мабільных тэлефонах прыцягнулі да сябе ўвагу ўкраінскай выведкі, гэта значыць яны па невытлумачальных прычынах павялі сябе вельмі неразумна і непрафесійна. Ці атрымаецца расейскім вайскоўцам пачаць абяцанае контрнаступленне? Ці ж сітуацыя канчаткова зрынецца – і пацягне за сабой і Уладзіміра Пуціна? Аднак, хутчэй, даводзіцца баяцца трэцяга сцэнара, а менавіта – замарожвання фронту. Маючы ў сваім распараджэнні вагоны, пад завязку набітыя гарматным мясам, а таксама старое савецкае ўзбраенне, запасы якога здаюцца невычэрпнымі, Расея цалкам у стане замарозіць канфлікт. Вось гэта стала б сапраўднай катастрофай», – папярэджвае швейцарскае выданне.
Рэспубліканцам, якія атрымалі па выніках прамежкавых выбараў большасць у Палаце прадстаўнікоў Кангрэса ЗША, не ўдалося абраць спікера. Падчас трох тураў выбараў умеранаму кандыдату Кевіну Макарці так і не ўдалося набраць неабходнай колькасці галасоў: супраць прагаласавалі спачатку 19, а затым і 20 чальцоў партыі. Без спікера Палата прадстаўнікоў не можа пачаць сваю працу. Як зазначае прэса, Рэспубліканская партыя цяпер знаходзіцца ў глыбокім крызісе. «Рэспубліканская партыя знаходзіцца на лжывым шляху», – да такой высновы прыходзіць французская газета Le Monde.
«Перш за ўсё, рэспубліканцы пакутуюць ад сур’ёзнага ідэалагічнага збою, які вельмі нагадвае сабой той адхон, па якім пакаціліся пад ухіл брытанскія торы – пасля дзесяцігоддзяў панавання сістэмы неалібералізму. Партыя адмовілася ад сваёй ранейшай пазіцыі па пытаннях іміграцыі і свабоднага гандлю, але не сфармавала новага бачання, якое магло б даць выбарцам нейкую перспектыву. Партыя звярнулася да папулізму, які падсілкоўваецца страхам за сваю ўласную ідэнтычнасць. У сілу навязанага партыі папулізму рэспубліканцы зараз не ў стане прапанаваць нічога, акрамя папераджальнага асуджэння любых прапаноў з боку дэмакратычнага лагера, а таксама адмовы ад прагрэсіўнага мыслення, на якое цяпер навешваецца цэтлік „вакізму”. У той жа самы час партыя працягвае рабіць выгляд, што ў краіне няма праблемы захавання сацыяльнай няроўнасці, і перш за ўсё – сістэмнага расізму», – падкрэслівае французская газета.
У чэрвені ў Турцыі павінны прайсці парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, калі, вядома, яны не будуць перанесены на больш ранні тэрмін. Галоўны выклік Эрдагану падчас выбараў кіне апазіцыйны альянс у складзе шасці партый, якія збіраюцца выставіць агульнага кандыдата. Апазіцыя таксама мае намер адмяніць устаноўленую ў краіне прэзідэнцкую сістэму, дзякуючы якой Эрдаган засяродзіў у сваіх руках вялізную ўладу. «У апазіцыі ёсць усе шанцы на тое, каб адолець Эрдагана», – піша ўкраінскае выданне „Українська правда”.
«Іх аб’ядноўваюць некалькі момантаў. У першую чаргу – гэта памкненне змяніць уладу Эрдагана ў краіне. А па-другое, вярнуцца да парламенцкай рэспублікі, у якой не было б настолькі цэнтралізаванай і кансалідаванай улады прэзідэнта. Такая галоўная асаблівасць будучых выбараў: гаворка на іх ідзе не толькі пра тое, хто выйграе як чалавек і кандыдат, але і пра тое, якім стане палітычны лад Турцыі пасля 2023 года. У Турцыі вельмі няпростая эканамічная сітуацыя, і менавіта эканамічныя і фінансавыя цяжкасці аказваюць асноўны ўплыў на настроі турэцкіх выбарцаў», – лічыць украінскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка