У „спісе экстрэмістаў” 464 асобы з Берасцейшчыны
464 чалавека – такая апошняя колькасць асоб, што датычныя да спісу экстрэмістаў цяпер на Берасцейшчыне. За апошні тыдзень да пераліку было дададзена 2 асобы.
Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь дадала да спісу „асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, менавіта так афіцыйна называецца „спіс экстрэмістаў”, жыхароў Берасцейскай вобласці Алісу Раманаву і Рамана Карасцелева.
Аліса Раманава асуджана па артыкулу 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь або Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Затрымана ў верасні 2022 года. Прысуджана адзін год пазбаўлення волі. Суддзя – Павал Крупеніч. Дзяўчына прызнаная палітвязнем. Па апошніх звестках знаходзіцца ў СІЗА №6 горада Баранавічы.
Жыхару Берасцейшчыны Раману Карасцелеву быў прад’яўлены артыкул 369 або Абраза прадстаўніка ўлады. Адметна тое, што па рашэнню суда пастаноўлена вызваліць ад крымінальнай адказнасці ў сувязі заканчэннем тэрміна даўнасці.
Беларускае Радыё Рацыя