Працягваецца суд па „справе Вясны”. Другі дзень (абноўлена)



У судзе Ленінскага раёна Менска 6 студзеня працягнуўся суд «па справе Вясны», фігурантамі якой з’яўляюцца старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч, а таксама Зміцер Салаўёў, які раней пакінуў Беларусь, — яго судзяць завочна.

6 студзеня дапыталі галоўнага рэдактара выдання “Свабодныя навіны плюс” Васіля Зданюка. Ён на судзе сказаў суду, што атрымліваў грошы ад Алены Лапцёнак за публікацыю артыкулаў, аўтарства супрацоўнікаў Праваабарончага цэнтра.

Справу разглядае суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Трое палітзняволеных вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

5 студзеня дапыталі заснавальніка і галоўнага рэдактара «Народнай волі» Іосіфа Сярэдзіча і зачыталі паказанні праваабаронцы Алены Лапцёнак. Астатнія сведкі на суд не з’явіліся. Вядома, што была заяўлена таксама галоўная рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб.

***

У судзе па «справе Вясны» абвешчаны перапынак да заўтра — 6 студзеня.

Судовы працэс пачнецца заўтра ў 10:30.

Нагадаем, справу разглядае суддзя Марына Запаснік, дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль.

***

Пасля таго, як праваабаронцам зачыталі абвінавачванні, Алесь Бяляцкі заявіў, што яму не ў поўнай меры зразумеў тэкст, бо ён быў агучаны на рускай мове.

Суддзя Марына Запаснік сказала, што гэта можна расцэньваць як зацягванне працэсу. Бяляцкі адказаў, што гэта парушэнне яго правоў.

***

Фотафакт: на руках праваабаронцы і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага сляды ад кайданкоў.

***

На працэсе вызначылі наступны парадак судовага следства: адразу дапытаюць сведак, потым вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы, і пры неабходнасці рэчавыя, і ў апошнюю чаргу дапытаюць саміх праваабаронцаў.

На судзе ўжо пачалі дапытваць першага сведку па справе — заснавальніка і галоўнага рэдактара «Народнай волі» Іосіфа Сярэдзіча. Ён дае паказанні на беларускай мове і кажа, што паколькі не з’яўляўся супрацоўнікам «Вясны», таму не ведае пра дзейнасць арганізацыі.

***

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну ні па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса, якія ім ставяцца ў віну.

Абвінавачванні зачытвалі амаль дзве гадзіны.

***

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзь Лабковіч на судовым працэсе.

Трое палітзняволеных вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

***

Пракурор Кароль зачытваў абвінавачванне праваабаронцам паўгадзіны — у судзе абвясцілі перапынак на абед.

Нагадаем, па справе ўсяго 283 тамы матэрыялаў справы па 300 старонак — гэта рэкорд па «палітычнай» справе ў Беларусі.

Алесь Бяляцкі заявіў, што не паспеў азнаёміцца з больш чым 70 тамамі матэрыялаў крымінальнай справы. Бяляцкі прасіў даць яму час на азнаямленне з матэрыяламі справы. Суд заявіў, што ў яго было дастаткова часу (месяц) для азнаямлення з матэрыяламі справы, і няма падставы для прадастаўлення яму дадатковага часу для азнаямлення.

***

На суд па «справе Вясны» прыйшла таксама прапагандыстка Алена Красоўская, якая раней называла сябе праваабаронцай, а цяпер піша артыкулы для «Беларусь Сегодня». Яна і цяпер з залі суда піша артыкул на SB.ВY пра суд над вясноўцамі.

Валянцін Стэфановіч заявіў хадайніцтва, каб Красоўскую выдалілі з працэсу, бо яна давала паказанні па справе як сведка пад іншым прозвішчам – «Карповіч».

Але суддзя не задаволіла гэтае хадайніцтва, бо нібыта гэта здагадкі праваабаронцы. Але было пацверджена, што сапраўды прозвішча і імя некаторых сведак мянялі «з-за іх бяспекі».

***

Абаронца Алеся Бяляцкага заявіла хадайніцтва аб змяненні яго меры стрымання на незвязаную з пазбаўленнем волі. Марына Запаснік не задаволіла хадайніцтва.

Пракурор Аляксандр Кароль у сваю чаргу заявіў, што «матэрыялы справы сведчаць пра тое, што Бяляцкі можа схавацца ад правасуддзя», і ён «не бачыць падстаў для змены яму меры стрымання».

Праваабаронца застаецца за кратамі ўжо 18-ы месяц.

Такое ж хадайніцтва заявіла абаронца Валянціна Стэфановіча. Суддзя Марына Запаснік таксама адмовіла ў задавальненні гэтага хадайніцтва

***

Прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу на судовы працэс па «справе Вясны» не пусцілі Усяго на суд прыйшло каля 30 чалавек — частку з іх не прапусцілі. Спачатку запусцілі прапагандыстаў, сваякоў, потым астатніх.

Супрацоўнікі суда спаслаліся на ковідную рассадку, аднак усе прысутныя без масак. Каля 10-12 чалавек не пусцілі, сярод іх прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.

***

Алесь Бяляцкі напачатку суда заявіў, што пракурор Аляксандр Кароль таксама павінен выкарыстоўваць у судзе беларускую мову.

«Абвінавачаным было прад’яўленае абвінавачванне на рускай мове. Вы можаце выкарыстоўваць любую з дзвюх дзяржаўных моў, суд вас зразумее», – так абгрунтавала суддзя Запаснік адмову весці судовы працэс на беларускай мове.

Бяляцкі заявіў яшчэ адно хадайніцтва — даць перакладчыка з расейскай на беларускую. Суд і гэтае хадайніцтва не задаволіў.

***

Суд праходзіць у адкрытым рэжыме. Усіх прысутных запісалі ў асобны спіс. На суд прыйшлі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ і прапагандысты.

Алесь, Уладзь і Валянцін размаўляюць з суддзёй Марынай Запаснік на беларускай мове. На судзе праваабаронцы заяўляць хадайніцтвы, сярод якіх весці судовы працэс на беларускай мове і зняць кайданкі, бо гэта прыніжае іх годнасць. Інтарэсы на судзе Змітра Салаўёва прадстаўляе прызначаны следствам адвакат.

Суддзя Марына Запаснік адмовіла ў хадайніцтве весці працэс на беларускай мове.

Алесь Бяляцкі выказаў недавер Марыне Запаснік і заявіў ёй адвод — чакана, хадайніцтва было адхіліна

Па справе ўсяго 283 тома матэрыялаў справы па 300 старонак — гэта рэкорд па палітычнай справе. Алесь Бяляцкі заявіў, што больш за 70 тамоў не паспеў азнаёміцца. Па справе праходзяць каля 100 сведак, было праведзена 120 ператрусаў па ўсёй краіне.

***

З’явілася першае відэа з судовага працэсу па «справе Вясны»

На ім старшыня «Вясны» і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч у судовай залі за кратамі.

***

Яны з ліпеня 2021 году знаходзяцца за кратамі. Іх фотаздымкі публікуюць дзяржаўныя СМІ.

У Менску распачынаецца суд па «справе Вясны» — судзяць чатырох праваабаронцаў. У рэжыме спецвытворчасці судзяць Змітра Салаўёва, якому пашчасціла з’ехаць за мяжу.

spring96.org