У Варшаве пройдзе майстар-клас „Малюю коцікаў свабоды”
Ладзіць майстар-клас будзе Лізавета Дзенісюк – дачка і памочніца аўтара серыі „Коцікі свабоды” Вольгі Якубоўскай.
Дарэчы, на падзеі можна будзе ўбачыць і працы самой Вольгі. Працягвае мастачка:
– На самой справе людзі прыходзяць на выставы за эмоцыямі. Яны хочуць атрымаць, магчыма, успаміны пра мінулыя падзеі, магчыма, новы імпульс, каб узгадаць, як гэта было. Я ўвогуле лічу, што чалавек, які выходзіў тады на пратэсты, падыхаўшы гэтым паветрам свабоды, не можа ўжо па іншаму жыць, таму што той, хто гэта паспытаў, ён ужо іншым ніколі не стане, ён без гэта жыць не можа. Таму, я думаю, хто хоча атрымаць станоўчыя эмоцыі, прыходзьце, гэта будзе добра і радасна.
Удзельнікі майстар-класу „Малюю коцікаў свабоды” навучацца базавым прыёмам работы з акварэллю. Арганізатары мяркуюць, што падзея будзе цікавая як дзецям ад 4-х гадоў, так і іх бацькам.
Уваход вольны, але колькасць месцаў абмежаваная. Зарэгістравацца можна праз інстаграм-акаўнт “Музея Вольнай Беларусі”.
Дзень правядзення – пятніца, 6-га студзеня. Пачатак – у 18:00.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя