Агляд прэсы: вораг ворага
Тайвань пашырае экспартны кантроль на Расею і Беларусь. Кітай у 2023: працяг курсу на экспансію? Урадавы крызіс у Партугаліі. Змяненне клімату: гарналыжныя схілы без снегу. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Тайвань дадаў новыя пазіцыі ў спіс тавараў, якія знаходзяцца пад кантролем за экспартам у Расею і Беларусь, каб прыйсці ў адпаведнасць з санкцыямі ЗША і ЕЗ і прадухіліць экспарт высокатэхналагічных тавараў для ваеннага выкарыстання», – піша еўрапейскае выданне Politico.
«Міністэрства ганлю Тайваня дапоўніла новы пералік экспартнага кантролю 52 пазіцыямі, у першую чаргу звязанымі з ядзерна-энергетычнымі рэчывамі, рознымі таварамі і матэрыяламі, хімікатамі і станкамі. Экспарцёраў заклікалі выконваць нормы экспартнага кантролю і праводзіць належную абачлівасць перад ажыццяўленнем здзелак з Расеяй і Беларуссю. Пашыраны спіс, апублікаваны Тайваньскім бюро знешняга гандлю, уключае ў сябе абсталяванне для катаванняў, такое як «абшыўкі для пальцаў» і «дубінкі з шыпамі», некалькі выбуховых і хімічных рэчываў, такіх як дымавыя шашкі або слезацечны газ, і абсталяванне для выяўлення выбуховых рэчываў з выкарыстаннем рэнтгенаўскага, ядзернага або электрамагнітнага метадаў.
Тайвань, адзін з найбуйнейшых азіяцкіх тэхналагічных цэнтраў, ужо ўвёў абмежаванні на экспарт у Расею шэрагу тэхналагічных тавараў у красавіку мінулага года, перш чым у траўні распаўсюдзіў санкцыі на Беларусь. Тайбэй хутка далучыўся да заходніх эканамічных санкцый супраць Расеі на наступны дзень пасля таго, як яна пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну», – падсумоўвае еўрапейскае выданне.
З гэтага года Кітай больш не з’яўляецца краінай-рэкардсменам па колькасці насельніцтва – зараз гэтае месца займае Індыя. Тым не менш, у геапалітычным плане Кітай па-ранейшаму застаецца галоўным гульцом у Азіі. Канфрантацыя Пекіна з Тайванем , яго альянс з Расеяй, а таксама памкненне Кітая да палітычнай і эканамічнай экспансіі могуць у гэтым годзе зведаць нечаканыя змены. «Кітай зусім не абавязкова будзе заўсёды падтрымліваць Расею», – з такой ацэнкай выступае латвійскае выданне Satori.
«Паводзіны Расеі ў яе супрацьстаянні з Украінай і Захадам шмат у чым залежаць ад Кітая. Прынцып «вораг майго ворага – мой сябар» – гэта нармальны складнік рэальнай палітыкі. Кітай падтрымлівае Пакістан, які знаходзіцца ў стане спрэчкі з Індыяй, якая ў сваю чаргу традыцыйна з’яўляецца канкурэнтам Кітая. Як бы нам не была гідкай гэтая думка, але тая ж самая логіка прасочваецца і ў трыкутніку «Расея-ЗША-Кітай». Пытанне 2023 года заключаецца ў наступным: ці будзе Кітай і ў далейшым прытрымлівацца гэтай логікі? Альтэрнатывай з боку Пекіна была б выснова, што «амерыканцы, вядома, тыя яшчэ нягоднікі», але пуцінская Расея стала настолькі абсурднай, што аказваць ёй падтрымку – сабе даражэй выйдзе», – падкрэслівае латвійскае выданне.
У сацыялістычным урадзе Партугаліі, які ўзначальвае Антоніу Кошта, здарыўся крызіс: міністр інфраструктуры Педру Нуну Сантуш і двое дзяржсакратароў былі вымушаныя сысці ў адстаўку. Прычынай паслужыў скандал вакол выходнай дапамогі, выплачанай статс-сакратару міністэрства фінансаў авіякампаніяй TAP, кантрольны пакет акцый якой належыць дзяржаве. «З такой кадравай палітыкай толку не будзе», – рэзюмуе партугальская газета Público.
«У сітуацыі, калі ўрад павінен быў у першую чаргу адкрыць усе вокны і запусціць свежае паветра, у сітуацыі, калі ён павінен быў даказаць грамадзянскай супольнасці сваю сілу, Антоніу Кошта зрабіў нешта супрацьлеглае. Замест таго, каб прыцягнуць да справы навукоўцаў або ўпраўленцаў з самавітым досведам у будаўнічай або транспартнай сферах, ён працягнуў руку двум паплечнікам Педру Нуну Сантуша, імкнучыся такім чынам утрымаць, так бы мовіць, «унутраную раўнавагу». Мір сярод сваіх аказаўся для яго важнейшым, чым эфектыўнасць, а прыналежнасць да Сацыялістычнай партыі – важнейшай за прафесійны вопыт. На гэтым фоне цяжка пазбавіцца ад адчування, што кіраўніцтва краіны жыве ў нейкай бурбалцы», – адзначае партугальскае выданне.
Цяперашняя зіма выдалася занадта цёплай, таму зараз турызм у Альпах перажывае каласальны спад. Звыклыя заняткі зімовымі відамі спорту магчымы толькі высока ў гарах, бо на больш нізкіх вышынях пачынаюць раставаць нават штучна створаныя снежныя трасы. Нізкія горныя хрыбты і перадгор’і Альпаў ужо цалкам вольныя ад снегу. Аглядальнікі заклікаюць задумацца і задаюцца пытаннем: а што маглі б зрабіць самі рэгіёны, закранутыя зменамі? Швейцарская газета Aargauer Zeitung спадзяецца на тое, што рэкордныя тэмпературы ўсё ж прымусяць чалавецтва перагледзець свае паводзіны.
«Якой бы страшнай ні была вайна ва Украіне і наколькі сур’ёзнымі ні аказаліся б наступствы пандэміі каронавірусу, у 2023 годзе на пярэдні план усё больш і больш будзе выступаць кліматычны крызіс, як адна з найважнейшых праблем нашага часу. Аб’ём выкідаў, якія правакуюць глабальнае пацяпленне, працягвае расці. А бо пры гэтым да 2030 года плануецца знізіць іх колькасць удвая – менавіта гэта мае на ўвазе заяўленая мэта па абмежаванні глабальнага пацяплення на ўзроўні 1,5 градусы. І ўсё ж надзея застаецца. На думку шэрагу даследчыкаў, у наяўнасці пераломны момант, які прыводзіць у рух пазітыўныя працэсы: аднаўляльныя крыніцы энергіі таннеюць, людзі ўсё часцей пачынаюць пераглядаць свае падыходы і паводзіны. А рэкордныя тэмпературы ў сувязі з гэтым могуць стаць дадатковым стымулам», – падкрэслівае швейцарскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка