Зяленскі пра прапановы расейцаў спыніць агонь
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Крэмль хоча выкарыстоўваць Каляды як прыкрыццё, каб хоць ненадоўга спыніць прасоўванне ўкраінскіх вайскоўцаў на Данбасе і падабрацца бліжэй да пазіцый Узброеных сіл Украіны.
Ён нагадаў, што 15 лістапада Украіна прадставіла сваю формулу міру.
Адзін з яе пунктаў прадугледжвае вывядзенне расейскіх акупацыйных войскаў з тэрыторыі краіны. Ён паведаміў, што 12 снежня Расея атрымала прапанову пачаць выкананне формулы міру з вываду акупацыйных войскаў менавіта на Каляды. Зяленскі падкрэсліў, што Расея адмовілася ад прапановы ўкраінскага боку па спыненні агрэсіі і зусім не імкнецца да міру.
Прэзідэнт заявіў, што для хуткага завяршэння вайны, неабходна зусім не „каляднае перамір’е”.
«Трэба, каб грамадзяне Расеі знайшлі ў сабе смеласць хаця б падчас Калядаў вызваліцца ад свайго ганебнага страху перад адным чалавекам у Крамлі. Ваш страх перад ім знішчае вашу краіну», – рэзюмаваў Зяленскі.
Беларускае Радыё Рацыя