Расея нарошчвае сваю вайсковую групоўку ў Беларусі: прыбываюць новыя салдаты і тэхніка



Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што ў краіну з Расеі працягваюць прыбываць асабовы склад, узбраенне, вайсковая і спецыяльная тэхніка для нарошчвання супольнай рэгіянальнай групоўкі войскаў.

З новымі падраздзяленнямі правядуць баявое зладжванне. Апроч таго, адбудуцца супольныя лётна-тактычныя вучэнні авіяцыйных падраздзяленняў Беларусі і Расеі.

Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Сяргей Дэйнека заявіў, што расейскія падраздзяленні, сфармаваныя з мабілізаваных, праходзяць падрыхтоўку пераважна на палігонах у Віцебскай вобласці Беларусі. Паводле яго, цяпер на тэрыторыі Беларусі праходзяць навучанне да 10 500 расейскіх вайскоўцаў.

Летась Лукашэнка заявіў, што ля мяжы з Украінай будзе разгорнутая рэгіянальная групоўка войскаў. Пры гэтым ён спаслаўся на «пагрозы» з боку Украіны і Захаду, не прывёўшы ніякіх доказаў сваім словам.

Беларускае Радыё Рацыя