Музей легендарнага карабля „Фрам”



Хто з нас у дзяцінстве не чытаў пра легендарныя плаванні нарвежскіх падарожнікаў на ўнікальным караблі „Фрам”. У апісаннях ён падаваўся нейкім літаратурным і нават міфічным. Вялікая нацыя вандроўнікаў захавала гэты карабель для нашчадкаў і ў шэрагу марскіх музеяў, якія размешчаны на ўскрайку нарвежскай сталіцы на паўвыспе Бюгдой, музей „Фрама” займае асаблівае месца.

Музей „Фрама” – гэта вялікі шкляны ангар на беразе Ослаф’ёрда, у якім размешчаны ўласна гістарычны карабель, а таксама іншая экспазіцыя, утульная кавярня і сувенірная крама. Музей быў заснаваны яшчэ 20 траўня 1936 года па ініцыятыве Ларса Крыстэнсена (карабелеўладаннік, кітабойны магнат, дыпламат, які арганізаваў ажно 9 навукова-даследніцкіх экспедыцый, у чатырох з якіх асабіста ўдзельнічаў), Ота Свердрупа (палярны мараплаўнік, даследнік, лічыцца трэцім выбітным палярнікам „Залатога веку” пасля знакамітых Фрыцьёфа Нансена і Рауля Амундсена), Оскара Вістынга (палярны даследнік, першы чалавек у свеце (разам з Амундсенам), які пабываў на абодвух геаграфічных полюсах планеты) і Сігурда Скот-Хансена (палярны даследнік, прафесійны ваенны). Усе гэтыя імёны ўпісаныя залатымі літарамі ў гісторыю Нарвегіі і гісторыю сусветных падарожжаў.

Музей прысвечаны тром палярным экспедыцыям, якія былі здзейснены на „Фраме”. Адметна, што ў адрозненне ад многіх іншых карабельных музеяў на борт „Фрама” наведнікі могуць узысці, таксама наведаць трум і іншыя памяшканні вялізнага карабля.

„Фрам” – нарвежскі драўляны ветразева-маторны карабель, які быў пабудаваны адмыслова для палярных экспедыцый. Канструктарам выступіў Колін Арчэр, а аўтарам праекту быў Фрыцьёф Нансен, будаўніцтва ішло пад кіраваннем Ота Свердрупа. Ад пачатку шхуна была дзяржаўнай уласнасцю.

На «Фраме» ў 1893—1912 гадах былі здзейснены тры экспедыцыі да Паўночнага і Паўднёвага полюсаў:

Палярная экспедыцыя 1893-96 гадоў пад кіраваннем Нансена;

Арктычная экспедыцыя 1898-1902 гадоў пад кіраваннем Свердрупа;

Антарктычная экспедыцыя 1910-12 гадоў пад кіраваннем Амундсена.

Гісторыя гэтых экспедыцый адлюстравана ў музейнай экспазіцыі.

Легендарная экспедыцыя Фрыцьёфа Нансена
Паблізу, праз дарогу, музей яшчэ аданаго славутага карабля – „Кон-Цікі”, на якім плаваў Тур Хейердал

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя