Паранены каліновец Дзяніс Урбановіч пераведзены з рэанімацыі ў палату
Пра стан каліноўцаў, параненых на ўсходзе Украіны, расказала камандзір эвакуацыі батальёна „Волат” Настасся „Север” Махамет.
„Усе стабільныя, у нармальным стане. Іх жыццям нічога не пагражае. Урбановіча з рэанімацыі перавялі ў палату. Пытанне стаіць у рэабілітацыі. Хутка ўсе хлопцы будуць у Кіеве. Будзем спакойныя, што стратаў у нас не будзе”, — адзначыла Настасся Махамет.
Дзяніса Урбановіча параніла ў грудную клетку.
Пра раненне кіраўніка „Маладога Фронту” і яго саслужыўцаў паведаміла 5 студзеня прэс-служба палка Каліноўскага. „Байцоў эвакуявалі, ім была своечасова аказана медыцынская дапамога”, — гаварылася ў паведамленні. Група эвакуацыі атрымала кантузіі.
Дзяніс Урбановіч трапляе ў шпіталь ужо трэці раз. Улетку яго кантузіла, а ў лістападзе ён атрымаў асколачнае раненне. Полк Каліноўскага працягвае бараніць Бахмут.
Пра тое піша прэс-служба вайсковага фармавання.