Павел Мацукевіч: Рэпрэсіі ў Беларусі і вайна ва Украіне – узаемазвязаныя



Павел Мацукевіч, былы дыпламат, які выконваў абавязкі часовага паверанага Беларусі ў Швейцарскай канфедэрацыі да 2020 года, цяпер старшы аналітык Цэнтру новых ідэй падводзіць вынікі 2022 года ў Беларусі:

Год прайшоў пад знакам вайны, гэта вайна паўплывала на многія падзеі ў Беларусі. Я думаю, што той факт, што ў Беларусі не тое што не спыніліся рэпрэсіі, а яшчэ больш павялічыліся, гэта як раз адказ на тое, што пачалася вайна. Рэжым адчуваў сябе ў гэтым сэнсе няўтульна і працягвае рыхтавацца да таго, што вайна можа ісці і ў Беларусі.

Аналітык лічыць, што ўжо зараз бачны вялікі раскол у беларускім грамадстве між тымі, хто застаўся ў Беларусі і тымі, што быў вымушаны пакінуць Радзіму:

– Гэта самая вялікая праблема, з якой нам давядзецца мець справу ў 2023 і ў далейшыя гады, як „склеіць” беларускае грамадства. Як склеіць тых, хто з’ехаў і застаўся, як склеіць тых, хто застаўся ўнутры краіны, з’яўляецца праціўнікам Лукашэнкі, з’яўляецца прыхільнікам Лукашэнкі. Як прыцягнуць на свой бок тых, хто не заняў ніякай пазіцыі і з’яўляюцца нейтральнымі. Я думаю, што гэтая грамадскі раскол у 2023 годзе толькі паглыбіцца.

Павел Мацукевіч быў вымушаны пакінуць Беларусь у 2021 годзе і часова знаходзіцца ў Грузіі, куды быў вымушаны з’ехаць пасля рэпрэсій у адносінах да былых дыпламатаў.

Беларускае Радыё Рацыя