Агляд прэсы: мяцежны папулізм



„План Маршала” для Расеі і Беларусі. У Латвіі выйшаў новы міграцыйны закон. Бразілія: спроба захопу парламента і яе наступствы. Пратэсты супраць новага ўрада ў Ізраілі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Расейская вайна ва Украіне яшчэ далёкая ад завяршэння, але, магчыма, самы час задумацца пра тое, што будзе пасля перамогі над расейскай агрэсіяй. Сапраўды, саюзнікі абмяркоўвалі будучыню Еўропы і сусветны парадак задоўга да падзення нацысцкай Германіі і імперскай Японіі. Гэтыя раннія размовы павінны былі закласці асновы для трывалага міру. Для Расеі і Беларусі павінен быць план Маршала», – піша незалежнае ўкраінскае выданне The Vox Ukraine.

«Немцы пацярпелі ад рэпарацый пасля Першай сусветнай вайны, і гэтая крыўда спарадзіла Гітлера. Каб пазбегнуць новай хвалі крыўды ў Расеі і ядзернага шантажу, Захад павінен даць рэсурсы постпуцінскаму ўраду, каб масы былі задаволеныя новым рэжымам. 300-гадовая гісторыя Расейска-савецкай імперыі дае мала надзеі на тое, што серыйны агрэсар можа кардынальна змяніць яе лад жыцця. Расейскае ўварванне ва Украіну (як і іншыя агрэсіі) парушыла столькі двухбаковых (напрыклад, пагадненне аб сяброўстве паміж Украінай і Расеяй) і шматбаковых (напрыклад, Статут ААН) дагавораў, што абяцанне Расеі добра сябе паводзіць у будучыні не выклікае даверу. Праўда і тое, што рэсурсы плана Маршала дапамаглі, але выкідвання грошай на праблему было і не будзе дастатковым. Дэмілітарызацыя Расеі з’яўляецца асноўным патрабаваннем для трывалага міру. Па-трэцяе, адкуль мы ведаем, што дапамога будзе ў «добрых руках»? Сёння, пасля 10 месяцаў поўнамаштабнай вайны, амаль 80% расейцаў ухваляюць тое, што робіць Пуцін, і 65% лічаць, што іх краіна ідзе ў правільным кірунку (прыкладна ¾ падтрымліваюць вайну). Павінна адбыцца перазагрузка краіны, каб пазбавіцца ад атруты рашызму. Прадастаўленне Расеі гарантый або рэсурсаў за кошт яе суседзяў, той жа Беларусі, прывядзе да паўтору папярэдніх трагедый. Канчатковай мэтай павінна быць дэнуклеарызацыя Расеі. Свет будзе больш бяспечным, калі ў Расеі не будзе ядзернага арсенала. Сапраўднай прычынай вайны Расеі супраць Украіны з’яўляюцца яе імперскія амбіцыі, якія вынікаюць са скажонага разумення гісторыі. Не ведаем, ці назавуць гісторыкі канчатковую трансфармацыю Расеі імем Маршала, але «Свабода народам Расеі» — добрая працоўная назва», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.

У адпаведнасці са зменамі, унесенымі ў мінулым годзе ў заканадаўства краіны, амаль 20 000 рэзідэнтаў Латвіі з расейскім грамадзянствам абавязаны да 1 верасня гэтага года пацвердзіць сваё веданне латышскай мовы на ўзроўні А2 – або даць псіхіятрычнае заключэнне, якое вызваляе іх ад тэсту. У адваротным выпадку від на жыхарства ў краіне не будзе працягнуты. Па меркаванні латвійскай газеты Diena, гэты закон сведчыць аб тым, што ў краіне праводзіцца няправільная палітыка ў сферы інтэграцыі.

«Упор на веданне латышскай мовы як на прыкмеце, якая дазваляе меркаваць аб лаяльнасці або варожасці чалавека ў адносінах да латвійскай дзяржавы – адна з найвялікшых памылак, на якую арыентуецца інтэграцыйная палітыка з моманту аднаўлення незалежнасці. Зірніце хаця б на тое, што адбываецца ў сацыяльных сетках, асабліва пасля расейскага ўварвання ва Украіну: Латвія і яе гісторыя падвяргаюцца кпінам. І большасць пастоў зусім не адрозніваецца кепскімі веданнем латышскай мовы. Сучасны расейскі шавінізм мае моцную тэндэнцыю дэманстраваць, што ён можа свабодна выказваць свой крамлёўскі светапогляд нават праз замежныя мовы, і латышская для яго не праблема», – адзначае латвійскае выданне.

У нядзелю прыхільнікі ўльтраправага экс-прэзідэнта Бразіліі Жаіра Балсанару ўварваліся ў парламент, а таксама шэраг іншых будынкаў ва ўрадавым квартале сталіцы краіны. Бунтаўшчыкі заклікалі войска ўмяшацца ў сітуацыю і адхіліць ад улады новаабранага прэзідэнта ад сацыялістаў Лулу да Сілва. Сам Балсанару дыстанцыяваўся ад таго, што адбываецца. Прэса правяла паралелі, якія прасочваюцца паміж падзеямі ў Бразіліі і штурмам вашынгтонскага Капітолія прыхільнікамі Трампа два гады таму. «Тут відавочна прасочваецца тэндэнцыя, якую трэба было б прыняць да ўвагі і Еўропе», – папярэджвае італьянская газета La Stampa.

«Падбухторскі папулізм не ведае межаў, гэта свайго роду Чацвёрты Інтэрнацыянал. Ён сілкуецца незадаволенасцю народа і чэрпае натхненне ў харызматычных лідэраў, якія падлашчваюцца з аўтакратыяй: Дональд Трамп, Жаір Балсанару – класічныя прыклады. Папулізм такога роду лёгка экспартуецца і інструменталізуецца. У Еўропе і ў цэлым на Захадзе нападкі на дэмакратыю і дэмакратычныя інстытуцыі з мэтай адмены вынікаў выбараў сталі рызыкай, з якой неабходна лічыцца», – папярэджвае італьянскае выданне.

У мінулыя выходныя тысячы людзей выйшлі на вуліцы Тэль-Авіва, каб выказаць свой пратэст супраць курсу новага ізраільскага ўрада. Асаблівую незадаволенасць пратэстоўцаў выклікае намер уладаў дазволіць прыняцце законаў нават у тым выпадку, калі Вярхоўны суд прызнае іх неканстытуцыйнымі. Крытыка раздаецца і з нагоды нядаўніх крокаў, якія закранаюць палестына-ізраільскі канфлікт. Аглядальнікі разважаюць пра прычыны сітуацыі, якая склалася, і пра тое, як на яе неабходна рэагаваць. «З новым урадам Ізраіль стаў іншай краінай», – піша шведская газета Upsala Nya Tidning.

«Палітычная арыентацая Ізраіля шмат у чым з’яўляецца следствам дэмаграфічных зменаў. Напрыклад, іміграцыя яўрэяў з Расеі і іншых краін Усходняй Еўропы сама па сабе ўжо справакавала зрух направа, а таксама зніжэнне ўзроўню разумення ў адносінах да палестынскага пытання. Яшчэ адзін фактар – гэта хуткі рост ліку ультраартадаксальных габрэяў, проста таму, што 10-15 дзяцей у гэтых сем’ях не рэдкасць. Гэтая тэндэнцыя неадназначная. Але Ізраіль, які доўгія гады фармаваўся Ізраільскай партыяй працы, кібуцамі і інтэрнацыяналізацыяй, сыходзіць у мінулае», – канстатуе шведскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя