На Піншчыне памежнікі ладзяць вучэнні



Жыхароў і гасцёй Піншчыны папярэдзілі, што ад сёння, 10 студзеня, і па 26-га студзеня ўключна, у адпаведнасці з графікам, у раёне свае вучэнні будуць ладзіць памежнікі. Заняткі па стральбе пройдуць на палігоне каля вёскі Выжлавічы. Вайскоўцы адзначылі, што небяспечнай зонай з’яўляецца тэрыторыя ў радыўсе да чатырох кіламетраў ад месца вучэнняў.

Мясцовы актывіст, блогер Мікалай Клімовіч гаворыць, што ў памежжы і без таго вельмі напружаная атмасфера. Асабліва ўражваюць развагі падлеткаў пра вайну:

Пачуў размову дзяцей¸ якія праходзілі міма майго дома. Зараз жа дзеці мараць пра тое, каб у іх дом не ўляцела ракета. Яны хочуць міра. І гэта дзеці, якім ад 10 да 15 год. Гэта, канешне, жахліва. У мяне ў дзяцінстве нават думкі такой не было, што можа быць вайна. Каб не было вайны – вось пра што зараз мараць дзеці і людзі.

Актывіст гаворыць, што калі раней перамяшчэнне вайсковай тэхнікі ці наўпрост вайскоўцаў выклікала нейкае ўзбуджэнне ў пінчукоў, то цяпер хутчэй прыгнятальныя эмоцыі.

Беларускае Радыё Рацыя