„Дынама” cаступіла „Куньлуню”
Хакеісты менскага „Дынама” няўдала правялі першы хатні паядынак пасля навагодняга перапынку. На лёдзе „Менск-Арэны” дынамаўцы саступілі гасцям з пекінскага клуба „Куньлунь” з лікам 2:6. Правальным для гаспадароў стаў другі перыяд, у якім яны прапусцілі тры шайбы запар. У каманды Крэйга Вудкрафта засталося 48 ачкоў і 9-е месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. Тры наступныя сустрэчы дынамаўцы таксама правядуць на лёдзе „Менск-Арэны”: заўтра з хабараўскім „Амурам”, затым з екацярынбургскім „Аўтамабілістам” і чарапавецкай „Северсталлю”.
„Менск” прайграў у гасцях „Астане”
Баскетбалісты „Менска” прайгралі 19-ы матч у рэгулярным чэмпіянаце Адзінай лігі ВТБ. Падначаленыя Расціслава Вергуна разгромна саступілі на выездзе яшчэ аднаму аўтсайдэру „банкаўскага” турніру казахстанскай „Астане” з розніцай у 29 ачкоў – 48:77. У гэтым сезоне менчане святкавалі ўсяго адну перамогу і цвёрда размясціліся на апошняй, 12-й пазіцыі ў турнірнай табліцы, а казахстанская каманда знаходзіцца на 11-м месцы, выйграўшы чатыры матчы. У канцы снежня чэмпіёны Беларусі саступілі „Астане” ў Менску з лікам 65:76.
„Гарызонт” захаваў лідарства ў жаночым чэмпіянаце Беларусі
Баскетбалісткі „Гарызонта” захавалі за сабой першае месца ў турнірнай табліцы жаночага чэмпіянату Беларусі. У першым паядынку пасля навагодняй паўзы дзеючыя чэмпіёнкі краіны разграмілі сваю рэзервовую каманду „Гарызонт-2” з розніцай у 44 ачкі – 93:49. Для каманды Наталлі Трафімавай гэта 13-я перамога ў 14 праведзеных сустрэчах. Яшчэ два фаварыты таксама дамагліся поспеху. „Менск” на сваёй арэне быў мацней за „Гомельскія рысі” – 95:40, а гарадзенская „Алімпія” ўпэўнена абыграла на сваёй пляцоўцы маладзёжную каманду менчанак – 73:43. Цяпер у актыве „Гарызонта” 27 ачкоў пасля 14 праведзеных сустрэч, баскетбалісткі „Менска” і „Алімпіі” маюць па 26 балаў. Лідар мужчынскага чэмпіянату магілёўскі „Барысфен” аднавіў турнір гасцявой перамогай над сталічным клубам „Імпульс-БДУІР” – 83:74, баскетбалісты „Гродна-93” таксама на выездзе адолелі віцебскі „Рубон” з перавагай у два ачкі – 76:74, „Менск” перайграў ў гасцях аўтсайдара спаборніцтваў „Гомельскіх рысяў” з лікам 76:62. Пасля 17 гульняў у „Барысфена” 32 ачкі, на тры балы менш у „Гародня-93”, „Рубон” набраў 27 ачкоў.
Пазняк афіцыйна перайшоў у менскае „Дынама”
Беларускі абаронца Аляксандр Пазняк афіцыйна стаў футбалістам мінскага „Дынама”, паведамляе афіцыйны сайт сяміразовых чэмпіёнаў Беларусі. Мінулы сезон футбаліст пачаў у складзе „Менска” і правёў у яго шэрагах 12 матчаў, не адзначыўшыся выніковымі дзеяннямі. Потым Аляксандр перайшоў у „Шахцёр” з Караганды. У яго складзе абаронца правёў 11 паядынкаў.
Бенту, Джэрард і Петкавіч – галоўныя кандыдаты на пасаду галоўнага трэнера зборнай Польшчы.
Працягваюцца перамовы з прэтэндэнтамі на пасаду галоўнага трэнера зборнай Польшчы. Пераемнікам Чэслава Міхневіча, які кіраваў камандай на чэмпіянаце свету ў Катары, будзе замежны спецыяліст, паведамляе Przegląd Sportowy. Спасылаючыся на інфармацыю ад прэзідэнта Польскай федэрацыі футбола Цэзарыя Кулешы, крыніца інфармуе, што галоўнымі прэтэндэнтамі на вакантную пасаду з’яўляюцца партугалец Паўлу Бенту, ангелец Стывен Джэрард і басніец Уладзімір Петкавіч. Двое з іх ужо маюць досвед працы з нацыянальнымі камандамі.
Бенту кіраваў зборнай Паўднёвай Карэі, з якой выйшаў у 1/8 фіналу ЧС-2022. На гэтай стадыі турніру азіяцкая дружына саступіла Бразіліі (1:4). Петкавіч доўгі час працаваў са зборнай Швейцарыі. Ён таксама мае пашпарт гэтай краіны. Прозвішча новага трэнера „бела-чырвоных” стане вядома да 28 студзеня.
„Чэлсі” аб’явіў аб арэндзе форварда „Атлетыка” Феліша
Лонданскі „Чэлсі” аб’явіў аб арэндзе нападніка мадрыдскага „Атлетыка” і зборнай Партугаліі Жуана Феліша. Арэнднае пагадненне Феліша з „Чэлсі” разлічана да канца сезона. Опцыя выкупу ў кантракце партугальца з лонданскім клубам не прадугледжана, паведамляе афіцыйны сайт клуба. У 14 матчах за „Атлетыка” ва ўсіх турнірах цяперашняга сезона Феліш забіў чатыры галы і стаў аўтарам трох выніковых перадач. На чэмпіянаце свету ў Катары нападнік правёў чатыры матчы за зборную Партугаліі, вызначыўся забітым мячом і двойчы асіставаў партнёрам.
Ёханэс Бё выйграў індывідуальную гонку ў Рупольдынгу
У нямецкім Рупольдынгу стартаваў чарговы этап Кубка свету па біятлоне. Перамогу ў індывідуальнай гонцы на 20 км атрымаў нарвежац Ёханэс Бё, які зарабіў дзве хвіліны штрафу.
Гэта ўжо 8-я перамога Бё-малодшага ў 11 асабістых гонках сезона.
Другі вынік паказаў нарвежац Ветле Крысціянсэн, трэці – славенец Якаў Фак. Усяго стартавалі 96 удзельнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя