Наталля Красько: Так складана, як зараз, не было ніколі ў Беларусі
Беларуская супольнасць бізнесменаў падвяла вынікі 2022-га года. Як сябе адчуваюць дзеячы сферы цяпер? Якія ёсць праблемы і якія перавагі? Пра гэта, хуткую калядную імпрэзу для бізнесменаў і не толькі сёння мы размаўляем з Госцяй Рацыі – сустваральніцай БСБ і суарганізатарам падзеі Наталляй Красько.
РР: Як для бізнес-супольнасці прайшоў 2022 год?
Наталляй Красько: Я думаю, што мы ўсе ведаем гэта – складана. Думаю, што ўсе ведаюць, што наступны год будзе яшчэ больш складаным, будзем, можа, успамінаць 2022 год як лепшы за ўсе наступныя. Усё можа быць.
РР: Разам з тым, ёсць жа, напэўна, нейкія плюсы, якія не могуць не падбадзёрваць?
Наталля Красько: Плюсы ў тым, што ў нас выехалі сюды бізнесмены і ўжо зараз пачынаюць выязджаць беларусы, тыя, якія ўяўляюць з сябе гонар краіны. Гэта такі кайф ад зносін, ад узаемадзеяння. Ад таго, што ты разумееш, калі людзі праходзяць выпрабаванні, калі яны сутыкаюцца з нявызначанасцю, з жыццём з нуля, яны раскрываюцца, яны паказваюць сябе. І ты можаш выбраць тых людзей, якія блізкія табе. То-бок вельмі прыгожа так акрэсліваюцца грані чалавека. І я навучылася глядзець на бізнесмена, на чалавека любой прафесіі ў першую чаргу як на чалавека. Такі вось момант быў вельмі важны для мяне. Тыя, хто выехаў, я не гатовая сказаць зараз прозвішчы, таму што гэта трэба пытацца ў кожнага: а ты гатовы, каб тваё прозвішча прагучала? Я не ведаю, якая сітуацыя ў іх у краіне, нават калі яны выехалі, часта бізнес не закрыты, не закрытыя рахункі. Да канца я гэтага ўсяго не ведаю, але ў іх там застаюцца актывы, застаюцца людзі, якія ім важныя. Гэта лідары рынку ў нашай краіне ў сваёй галіне, якія выязджаюць у Польшчу, і ў будаўніцтве, і ў перавозках, і ў айцісферы. Тут прасцей сказаць яшчэ, хто працягвае такую актыўную работу ў краіне. Зараз, калі мы зараз гаворым: дзе бізнес? А бізнес тут, у Польшчы, бізнес у Літве.
РР: Як вы непасрэдна ставіцеся да тых людзей, якія яшчэ застаюцца ў бізнес-сферы ў Беларусі?
Наталля Красько: Мне складана адказаць на гэтае пытанне. Я паважаю людзей за пазіцыю, калі яна ёсць. То-бок, калі гэта пазіцыя, каб захаваць частку грамадства, якая вельмі складана будуецца, захаваць каштоўнасці таго асяроддзя, якое фармавалася дзесяцігоддзямі, бізнес-асяроддзя ў краіне, і гэты чалавек ідзе на такія рызыкі. На гэтых падставах, я ведаю такіх людзей, у якіх такая пазіцыя, яны да перамогі ў краіне. Тут – з павагай. У іншым выпадку, калі табе ставяць нейкія ўмовы, як зараз вось у айцісферы – прызнайся, што ты дарэмна данаціў, заданаць там на нешта яшчэ, і тады мы не завядзём супраць цябе справу. Гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
То-бок, калі ён сутыкаецца з такім выбарам, калі трэба ісці на здраду сваіх ідэяў, людзям, якія зараз сядзяць у турмах, якія шмат робяць нават сваёй прысутнасцю там, у турме, то гэта зусім іншае. То-бок ён гатовы ісці на тое, каб застацца ў краіне, каціцца па нейкай ужо накатанай дарожцы. Канешне, складаней пачынаць з нуля, ніхто не спрачаецца, тут і зараз. Вось я размаўляю з бізнесменамі і ведаю, што яны па паўгода, па году вядуць бізнес не тое, што ў нуль, а ў мінус яго вядуць. І людзі кажуць пра тое, што так складана, як зараз, не было ніколі ў Беларусі. Мы нават не думалі, што з гэтым сутыкнёмся, мы нават імпрэзу зараз робім 13 студзеня, калі мы заяўляем бізнес-каляды, нам кажуць: о, бізнес, там, напэўна, грошы будуць такія, там, напэўна, бізнесмены крутыя збяруцца? Ну, вось такія бізнесмены – частка з іх выехала і ўсё пакінула ў краіне, замарожаныя актывы і г.д. То-бок частка выехала, прывозяць і жывуць на тое, што прывезлі, і пакуль працуюць у мінус. У такіх умовах зараз жыве бізнес тут, але я думаю, што для бізнесменаў гэта не пытанне грошай, гэта пытанне яго рашучасці дзейнічаць, жадання ісці да канца. Адказнасць за тое, што ён робіць. А грошы…, яны прыходзяць пасля.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя