Да палітвязня Уладзіміра Мацкевіча больш за два тыдні не пускаюць адваката



Больш за два тыдні адміністрацыя шклоўскай папраўчай калоніі №17 не пускае адваката да палітвязня Уладзіміра Мацкевіча, перадаюць праваабаронцы.

Таксама доўгі час блакуюць яго перапіску і не дазваляюць законныя тэлефанаванні. Праваабаронцы кажуць, што адміністрацыя калоніі ўзяла палітвязня ў блакаду. Адміністрацыя калоніі не дае інфармацыі сваякам Мацкевіча, таму яны не могуць нават перадаць неабходныя лекі. Мацкевіча арыштавалі ў жніўні 2021 года.

Калі яго следства сталі зацягваць, філосаф абвясціў за кратамі галадоўку, якую трымаў з 4 па 16 лютага мінулага года. Летась у чэрвені яму прысудзілі 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Мацкевіча прызналі вінаватым у грубым парушэнні грамадскага парадку, абразе Лукашэнкі і кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем.

Тэрмін пакарання ён адбывае ў шклоўскай калоніі №17. Блізкія асцерагаюцца за стан яго здароўя, бо менавіта ў гэтай калоніі раней загінуў палітвязень Вітольд Ашурак.