Мікалай Статкевіч выказаўся пра „выбары” і апазіцыю



Палітвязень і былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч выказаўся з нагоды маючых адбыцца «выбараў».

Словы палітыка з яго турэмнага ліста прыводзяцца ў спецыяльна створаным паплечнікамі Статкевіча акаўнце ў Фэйсбуку.

«Газеты ў ПКТ прыносяць раз на тыдзень, па чацвяргах. Прагледзеў іх і зразумеў, што тыя, хто вылучае сваіх кандыдатаў, нічога зразумелага аб мэце свайго ўдзелу, як і аб стратэгіі, сказаць не могуць. Толькі вось прачытаў выказванне аднаго кіраўніка, што найлепшым варыянтам яны лічаць вылучэнне «чалавека, які ўвасабляе жаданне міру». Але, лепш гэта сваё жаданне можна ўвасобіць, седзячы дома. Каштаваць будзе значна танней, ды і клопатаў менш. Гэта кот Леапольд можа прапанаваць мышам мір. Аналагічныя прапановы з боку мышэй вядуць толькі да распальвання апетыту у котак,» – іранізуе Статкевіч.

Экс-кандыдату у прэзідэнты Беларусі інкрымінуюць злоснае парушэнне рэжыму ўтрымання ў калоніі, якое Статкевічу пагражае  узмацненнем жорсткасці пакарання і пераводам ў турму строгага рэжыму. Цяпер ён знаходзіцца ў чаканні суда ў памяшканні камернага тыпу. Палітвязень пазбаўлены харчовай перадачы і кароткатэрміновага спаткання.

Беларускае Радыё Рацыя