Літва можа пачаць выдаваць дакументы беларусам, якія не маюць пашпартоў
Літва можа пачаць выдаваць дакументы беларусам, якія не маюць пашпартоў. Пра гэта ішла размова падчас сустрэчы прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерыя Кавалеўскага і дырэктара Дэпартамента міграцыі МУС Літвы Эвяліны Гудзінскайтэ.
Размова ішла аб парадку выдачы дакументаў грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца ў Літве і па аб’ектыўных прычынах не могуць аднавіць страчаны або пратэрмінаваны пашпарт. Пасля канчатковай дапрацоўкі працэдуры АПК абяцае апублікаваць інфармацыю аб умовах і спосабах атрымання такога дакумента.
Таксама на сустрэчы абмяркоўваліся іншыя праблемныя пытанні, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Літве, іншых краінах ЕС і ва Украіне. Для іх вырашэння бакі дамовіліся аб шэрагу рэгулярных сустрэч, паведамляюць у АПК.