У Пінску з’явіўся новы пандус для інвалідаў



У Пінску на адно месца, якое цяпер дасяжнае інвалідам-вазочнікам, стала болей. Адмысловы пад’ёмнік з’явіўся ў філіяла гарадской стаматалагічнай паліклінікі. Гэта зроблена па зваротам саміх грамадзян з абмежаванымі магчымасцямі.

Старшыня Пінскай арганізацыі інвалідаў-вазочнікаў Алена Макарчук вітае такі крок, але адзначае, што, на жаль, няма сістэмы паўсюднага з’яўлення пандусаў:

–  Праблемы па стварэнні пандусаў усё ж яшчэ застаюцца. Рэч у тым, што вырашаюцца толькі індывідуальныя выпадкі, індывідуальныя праблемы. Напрыклад, калі адзін чалавек звяртаецца, што яму патрэбны пандус, то яго робяць. Але выпрацаванай сістэмы па ўсталяванні гэтых пандусаў няма.

Многія інваліды-вазочнікі за ўласныя сродкі зрабілі пад’ёмнікі, каб без бар’ераў трапіць у свае дамы. Алена Макарчук адзначае, што ў цэлым па Пінску значна лягчэй стала перасоўвацца пасля рамонтных прац да абласных Дажынкаў. Будаўнікі зрабілі бардзюры ў адпаведнасці з нормай.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота megamaster.by