ЗША прызнаюць ПВК «Вагнер» міжнароднай злачыннай арганізацыяй



Мінфін ЗША збіраецца прызнаць ПВК „Вагнер” міжнароднай злачыннай арганізацыяй і ўвесці супраць яе дадатковыя санкцыі. Аб гэтым на брыфінгу 20 студзеня заявіў каардынатар па стратэгічных камунікацыях у Савеце нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі.

Фота: Арцём Красноў, Коммерсантъ

«Дзеянні ПВК «Вагнер» пацвярджаюць транскантынентальную пагрозу, якую яна ўяўляе, у тым ліку звязаную з яе сур’ёзнай злачыннай дзейнасцю, якая працягваецца», – заявіў Кірбі.

Згодна з указам прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, прызнанне ПВК «Вагнер» транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй прадугледжвае замарожванне любых актываў у ЗША і забарону для амерыканцаў даваць сродкі, тавары ці паслугі для гэтай ПВК.

Санкцыі будуць уведзены на наступным тыдні і закрануць „сістэму падтрымкі” ПВК на некалькіх кантынентах.

Прыгожын у 2022 годзе пацвердзіў, што ён стварыў ПВК «Вагнер» у 2014 годзе, хаця раней гэта адмаўляў. Прававы статус арганізацыі ў Расеі невядомы.