Справу незалежнай журналісткі накіравалі на перагляд



Новы разгляд справы незалежнай журналісткі з Бярозы Тамары Шчапёткінай адбудзецца 27-га красавіка. Позва ў суд Ленінскага раёну Берасця гэтым разам дасланая загадзя і ў пісьмовым выглядзе, на папярэдні суд журналістка атрымала позву ў выглядзе СМС-паведамлення.

Нагадаем, што сёлета Тамару Шчапёткіну ўжо двойчы прысудзілі да штрафаў, абвінаваціўшы ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ. Разгляд касацыйнай скаргі па другім прысудзе прайшоў у раённым судзе без яе прысутнасці:

– Я тады была ў судзе. Але яны правялі паседжанне без мяне. Я гэта абскардзіла ў абласным судзе і справу вярнулі на перагляд новаму суддзі ў суд Ленінскага раёна Берасця. Ідуць судовыя разбіральніцтвы ўжо па другім штрафе, дзе мне прысудзілі 7 мільёнаў 200 тысяч.

Журналістка разам з абаронцам Паўлам Алесікам давялі ў абласным судзе, што суддзя Аляксандр Семянчук парушыў закон, правёўшы судовы працэс у яе адсутнасць. Пры тым, што яна з адвакатам у той час былі ў судзе. Касацыйная інстанцыя пагадзілася, што суддзя пазбавіў Тамару Шчапёткіну права на справядлівае судовае разбіральніцтва.

Новы разгляд справы распачнецца 27 красавіка а 15-й гадзіне.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя