Зміцер Антончык: Я б хацеў адразу вярнуцца ў Беларусь



У мінулую пятніцу старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, між іншым, сказала: “Калі ўсе разам – урачы, грамадскія арганізацыі, кіраўнікі рэгіёнаў, прадпрыемстваў і арганізацый зоймуцца вырашэннем пытання дэмаграфіі – вынік будзе”.

Дэмаграфічныя пытанні абмяркуем з сённяшнім госцем “Радыё Рацыя” – Зміцерам Антончыкам – грамадскім актывістам беларускай дыяспары ў Беластоку і бацькам чатырох дзяцей.

РР: Клопат Качанавый зразумелы – за 2020 – 2021 гады насельніцтва Беларусі толькі паводле афіцыйнай статыстыкі зменшылася на 154 тысячы чалавек. Насамрэч, рэальная лічба значна вышэйшая. Гэта вынік павышанай смяротнасці ад кавіду і ці не ў большай ступені – эміграцыі, выкліканай палітычнымі рэпрэсіямі. Зміцер, чаму вы з’ехалі з Беларусі?

Зміцер Антончык: Мы выехалі з палітычных падставаў, таму што нашую сям’ю закранулі рэпрэсіі. На нас быў аказаны вялікі ціск. Таму мы вырашылі не рызыкаваць, і каб сям’я не заталася ў Беларусі, калі бацька будзе сядзець у турме, вырашылі з’ехаць, каб быць разам.

РР: Сказаць, “давайце вырашаць дэмаграфічную праблему”, справа простая. Але трэба зпбяспечыць сям’ю жытлом, дзяцей трэба карміць, вучыць, а таксама важна не баяцца за заўтрашні дзень. Як гэта зараз у Беларусі выглядае?

Зміцер Антончык: Я лічу, што зараз праблема ў тым, што маладая сям’я, у якой ёсць дзіця, і яны плануюць другое, гэта ўжо складана. Тыя ільготы, якія прапануе дзяржава, адчувальныя, калі тры ці чатыры дзіцяці. Заробкі не такія вялікія, каб забяспечваць сям’ю з пяці асобаў, напрыклад. Калі глядзець не буйныя гарады, а, напрыклад, раённыя, то там невялікія заробкі, і калі адно дзіця ў сям’і, то гэта прымальна, а калі больш, то гэта складана.

РР: Шматдзетная сям’я ў Польшчы – гэта трое і больш дзяцей. А ў Беларусі?

Зміцер Антончык: У Беларусі таксама. Але розная сістэма ільгот. Калі чатыры і больш дзяцей, то дзяржава бярэ на сябе цалкам кошт кватэры ці дома.

РР: З Беларусі з’язджаюць у асноўным маладыя людзі, перспектыўныя, якія ў змозе выпраўляць дэмаграфічную сітуацыю. І маленькія беларусы нараджаюцца, але за межамі Беларусі. Калі думаць у перспектыве, то праз гадоў 5 – 10 шмат беларусаў народзяцца ў Польшчы, Літве, Чэхіі і па ўсёй Еўропе.

Зміцер Антончык: Я думаю, што гэты працэс запаволены, бо цяжка атрымаць візу, дазвол на выезд з Беларусі. Калі б зараз працавалі кансуляты ў тым фармаце, як было да 2020 года, то з’ехала б значна больш людзей.

РР: У Польшчы дзеці мігрантаў атрымліваюць дапамогу на тым жа роўні, што і польскія грамадзяне.  Якой падтрымкай карыстаецца твая сям’я?

Зміцер Антончык:  Мы атрымоўваем “500 +” на чатырох дзяцей штомесяц. Паколькі ў мяне малодшы сын з інваліднасцю, мы атрымоўваем аналаг нашай дапамогі па догляду за дзіцём. Гэта даволі добрая сума. Жонка адмовілася ад працы, каб даглядаць сына.

РР: Што кажуць маладыя людзі з беларускай дыяспары Беластока, як яны плануюць сваё будучае жыццё? Плануюць яны вяртацца ў Беларусь ці застацца тут? Бо гэта таксама дэмаграфічная праблема.

Зміцер Антончык:  Я часта размаўляю на гэтую тэму з сябрамі і знаёмымі, якія прыехалі з Беларусі, і калі ў людзей, якія толькі прыехалі, разуменне, што гэта можа паўгода і мы вернемся, то пасля людзі пачынаюць думаць на больш доўгі тэрмін. Я лічу, што трэба займацца адукацыяй нашых дзяцей, бо для мяне вельмі важная праблема ў тым, што калі нават праз паўгода мы зможам вярнуцца ў Беларусь, але мае дзеці ўжо два гады адвучыліся ў польскай школе. У які клас, напрыклад, яны прыедуць у Беларусь? Гэта вялікая праблема і пра гэта трэба думаць. Я б захацеў адразу вярнуцца ў Беларусь і ўключыцца ў працэсы. Але я не магу адказаць, што будзе з дзецьмі, я не ведаю.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя