Сабаленка ўпершыню выйшла ў чвэрцьфінал Australian Open
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка ўпершыню ў кар’еры выйшла ў чвэрцьфінал адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. У паядынку 1/8 фіналу пятая ракетка планеты ўпэўнена абыграла алімпійскую чэмпіёнку швейцарскую тэнісістку Белінду Бенчыч, якая займае дзясятае месца ў рэйтынгу WTA, – 7:5, 6:2. У гэтай гульні беларуска 4 разы падавала на вылет і дапусціла 4 падвойныя памылкі на сваіх падачах. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 27 хвілін. У паядынку за трапленне ў паўфінал беларуска сустрэнецца з 64-й ракеткай планеты харваткай Донай Векіч.
„Дынама” прайграла „Северсталі” ў матчы чэмпіянату КХЛ
Хакейнае мінскае „Дынама” з паразы пачало чарговую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У стартавым матчы гасцявога турнэ „зубры” сустракаліся з галоўным супернікам па табліцы на Захадзе – чарапавецкай „Северсталлю”, якая напярэдадні гульні адставала ад мінчан усяго на бал. У нядзельным паядынку „бела-блакітныя” адкрылі лік, у канцы першага перыяду вызначыўся абаронца Нік Мёрклі. Лідэрства „зуброў” пратрымалася да фінальнай трэці: у ёй гаспадарам хапіла ўсяго пяці хвілін, каб не толькі зраўняць лічбы, але і выйсці наперад. Астатняга часу дынамаўцам не хапіла каб адыграцца, як вынік – параза з лікам 1:2. Гэтая няўдача стала для падначаленых Крэйга Вудкрафта 4-й у шасці апошніх сустрэчах. У табліцы Заходняй канферэнцыі КХЛ „Северсталь” і „Дынама” па-ранейшаму падзяляе адзін бал, але зараз на 8-й пазіцыі размяшчаюцца чарапаўчане (54 ачкі супраць 53). Гасцявая серыя менскага клуба працягнецца заўтра матчам супраць яшчэ аднаго канкурэнта ў барацьбе за плэй-оф – маскоўскага „Спартака”, які апярэджвае „зуброў” на два балы.
Шаранговіч не змог вызначыцца, але „Нью-Джэрсі” адолеў „Піцбург”
„Нью-Джэрсі” на хатняй арэне перамог у авертайме „Піцбург” у матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ — 2:1. У гаспадароў беларускі форвард Ягор Шаранговіч выйшаў на лёд у трэцім звяне, правёў на пляцоўцы 12 хвілін 15 секунд, двойчы кінуў па брамцы, аднак не адзначыўся выніковымі баламі.
Сідні Кросбі, які вызначыўся ў сустрэчы, набраў 1463-е ачко і апярэдзіў форварда „Вашынгтона” Аляксандра Авечкіна па балах у НХЛ.
„Д’яблы” з 64 ачкамі ідуць трэцімі ў табліцы „Усходу”, у „Піцбурга” 54 ачкі і восьмая пазіцыя.
„Будаўнік” саступіў „Факелу” ў чэмпіянаце Расеі
Валейбалісты менскага „Будаўніка” пацярпелі паразу ў хатнім матчы 19-га тура адкрытага чэмпіянату Расіі. У гульні на паркеце сталічнага спарткомплексу „Уручча” беларусы прайгралі „Факелу” з Новага Урэнгоя з сухім лікам 0:3. Пасля 19 праведзеных гульняў віцэ-чэмпіёны Беларусі маюць 7 ачкоў і займаюць перадапошняе 15-е месца.
Амерыканец Дакуан Брэйсі стаў баскетбалістам „Менска”
Амерыканскі баскетбаліст Дакуан Брэйсі папоўніў шэрагі баскетбольнага клуба „Менск”. Да пераходу ў склад чэмпіёнаў Беларусі 25-гадовы амерыканскі абаронца выступаў у чэшскім клубе „Аламаўцка”, раней гуляў на радзіме, а таксама ў камандах Турцыі і В’етнама. Кантракт з Брэйсі падпісаны да заканчэння цяперашняга сезона, у „Менску” ён будзе выступаць пад нумарам 25. Неўзабаве мінчане прымуць старт у другім этапе рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ. У першым матчы падначаленыя Расціслава Вергуна 1 лютага згуляюць у казахстанскай сталіцы супраць баскетбалістаў „Астаны”.
„Вітэн” пацярпеў першую паразу ў чэмпіянаце Беларусі
Аршанскі „Вітэн” упершыню прайграў у матчах 34-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У сваім стартавым паядынку другога раўнда лідэры першынства сенсацыйна саступілі на хатняй арэне аўтсайдэру мінскаму „Дынама-БНТУ” з лікам 1:2. Для дынамаўцаў гэта першая вікторыя ў сёлетнім турніры, да гэтага яны набралі ўсяго адзін бал.
Усе пераследнікі „Вітэна” дамагліся перамог. Чэмпіёны і ўладальнікі Кубка краіны спартоўцы „Сталіцы” перайгралі на сваёй арэне землякоў з „Ахова-Дынама” 3:1. Гомельскі ВРЗ на хатняй арэне не пакінуў ніякіх шанцаў на поспех гарадзенскаму „УУС-Дынама”, выйграўшы з сухім лікам 7:0. Яшчэ адзін гомельскі клуб БЧ перамог на выездзе „Барысаў-900” з лікам 4:2. „Мінск” упэўнена абыграў на сваёй пляцоўцы светлагорскі ЦКК – 6:1.
„Арсенал” вырваў перамогу ў матчы з „Манчэстэр Юнайтэд”
„Арсенал” на хатняй арэне перамог „Манчэстэр Юнайтэд” у матчы 21-га тура чэмпіянату Англіі — 3:2.
Лонданцы лідыруюць у табліцы з 50 ачкамі, „МЮ” на чацвёртай пазіцыі з 39 баламі. „Рэал” перамог „Атлетык” у матчы 18-га тура чэмпіянату Іспаніі — 2:0.
Карым Бензема, які адкрыў лік, забіў 228-ы мяч за каманду ў турніры і дзеліць з Раўлем другое месца па гэтым паказчыку ў гісторыі клуба. Каталонская «Барселона» дзякуючы голу Педры абыграла «Хетафе» на хатнім Камп Ноу і працягвае лідыраваць у чэмпіянаце. „Ювентус” і „Аталанта” згулялі ўнічыю ў матчы 19-га тура чэмпіянату Італіі – 3:3.
Польшча абыграла Іран але развіталася з чэмпіянатам свету па гандболе
У матчы з іранцамі палякі былі мацней 26:22, але пасля паразаў са славенцамі і гішпанцамі ўжо перад гэтай гульнёй не мелі шанцаў прайсці ў чвэрцьфінал. У іншых матчах зборная Ісландыі перамагла каманду Бразіліі – 41:37. Чарнагорыя саступіла Славеніі – 23:31. Зборная Каба-Вэрдэ прайграла Венгрыі – 30:42.
Беларускае Радыё Рацыя