„Шахцёр”, „Віцебск” і „Дынама-Маладзечна” перамаглі ў беларускай экстралізе
Трыма матчамі ў Віцебску, Наваполацку і Оршы працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Лідэр сезона „Шахцёр” ужо на працягу шасці матчаў чаргуе перамогі з няўдачамі. Тры дні таму „гарнякі” на хатняй арэне не справіліся з „Хімікам” 3:4, затое ў панядзелак нанеслі буйную паразу аршанскаму „Лакаматыву” – 4:0. Дублем за салігарчан вызначыўся Павел Развадоўскі, гол і дзве перадачы набраў лідэр бамбардзірскай гонкі чэмпіянату Міхаіл Стэфановіч.
У паралельным матчы хакеісты „Віцебска” сустракаліся са сталічным „Юнацтвам”. Пасля двух перыядаў „мядзведзі” саступалі мінчанам з лікам 1:2, але чатыры шайбы ў адказ у трэцяй 20-хвілінцы схілілі чашу вагаў на карысць паўночнікаў – 5:2. Дзякуючы гэтаму поспеху „Віцебск” зраўняўся з „Юнацтвам” у экстралізе, абедзве каманды з 60 ачкамі дзеляць трэці радок табліцы.
Акрамя таго, серыю з шасці паразаў перапыніла „Дынама-Маладзечна”, якое ў гасцях абыграла „Хімік” з лікам 3:2. Пераможным для „бела-блакітных” стаў дакладны кідок Дзмітрыя Пацалуйкі.
„Брэст” падпісаў расейца Андрэя Грышакова
Расейскі форвард Андрэй Грышакоў перайшоў у „Брэст”
23-гадовы праварукі нападнік выхаванец чэлябінскай школы. Раней расеец выступаў у WHL, у МХЛ і ВХЛ. Акрамя таго, Грышакоў правёў 12 гульняў за „Трактар” у КХЛ, вызначыўся галявой перадачай.
Гэты сезон першы для Андрэя ў Betera-Экстралізе. У 38 сустрэчах ён закінуў 13 шайбаў і аддаў 15 асістаў пры паказчыку карыснасці „8”.
Быкаў працягнуў кантракт з менскім „Дынама”
Беларускі паўабаронца Арцём Быкаў падпісаў новы кантракт з мінскім „Дынама”. Пра гэта паведамляе прэс – служба клуба.
Летась 30-гадовы футбаліст правёў у за „Дынама” 33 афіцыйныя матчы (у яго 6 галоў + 3 асістэнцкія балы). Наогул жа за час знаходжання ў абойме „бела-сініх” Быкаў прыняў удзел у 229 паядынках, забіў 24 мячы, станавіўся срэбраным і бронзавым прызёрам чэмпіянатаў Беларусі.
Сантуш блізкі да прызначэння ў зборную Польшчы
Фернанду Сантуш можа стаць трэнерам зборнай Польшчы.
Па інфармацыі Фабрыцыа Рамана, былы трэнер зборнай Партугаліі абмяркоўвае з Польскім футбольным саюзам (PZPN) дэталі кантракта. Перамовы знаходзяцца ў фінальнай стадыі. Мяркуецца, што найбліжэйшым часам Сантуш заключыць кантракт да чэрвеня 2026 года. Чэслаў Міхневіч пакінуў пасаду трэнера зборнай Польшчы пасля заканчэння кантракта ў снежні мінулага года.
Сантуш у снежні мінулага года пакінуў пасаду галоўнага трэнера зборнай Партугаліі, з якой працаваў 8 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя