Агляд прэсы: агульная адказнасць
Латвія прыгадвае падзеі студзеня 1991 года. Берлін не спяшаецца спускаць леапардаў з прывязі. Ці пераадолела Еўропа газавы крызіс? Еўропа пачынае 2023 год з рэкорднай спякоты. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
У студзені 1991 года палітычныя сілы Савецкага Саюза, нязгодныя з рашэннем Латвіі выйсці са складу СССР, паспрабавалі зрынуць новаабвешчаную Латвійскую Рэспубліку і аднавіць ранейшую сістэму ўлады. У адказ на гэтыя агрэсіўныя дзеянні грамадзяне збудавалі барыкады вакол стратэгічна важных будынкаў у латвійскай сталіцы, каб не дапусціць іх захопу. Аглядальнікі ўспамінаюць падзеі тых дзён, і праводзяць паралелі з днём сённяшнім. «І сёння, праз тры дзесяцігоддзі, мы павінны быць гатовымі адстойваць сваю незалежнасць», – піша латвійскі часопіс Ir.
«Мірная абарона барыкад у той час паказала свету, што мы гатовыя ісці на рызыку, абы зноў здабыць незалежнасць. Сёння Латвія з’яўляецца незалежнай краінай, чальцом НАТА: мы можам і павінны абараняць свае барыкады, але ўжо не проста голымі рукамі. Як мы штораз назіраем ва Украіне, Масква бязлітасная: як у стаўленні да грамадзянскага насельніцтва, так і ў стаўленні да ваеннапалонных, ды што там казаць – нават у стаўленні сваіх уласных салдат!», – з горыччу падкрэслівае латвійскае выданне.
Нямеччына па-ранейшаму не спяшаецца даваць згоды на пастаўкі Украіне танкаў Leopard-2. Многія саюзнікі, якія настойваюць на прадастаўленні Кіеву гэтых танкаў, спадзяваліся на тое, што адпаведнае рашэнне будзе прынята на саміце ў Рамштайне, які адбыўся ў мінулую пятніцу. Цяпер жа Польшча падумвае аб тым, каб самастойна прадаставіць ВСУ наяўныя ў яе распараджэнні танкі Leopard-2. Як заявіла міністр замежных спраў ФРГ Бэрбак, Берлін не будзе перашкаджаць такому кроку. Еўрапейская прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі. Гішпанская газета El País з разуменнем ставіцца да пазіцыі Берліна.
«Германія не хоча, каб яе рашэнне можна было тлумачыць як рашэнне, прынятае яе ўрадам у адзіночку. Прапуцінскія СМІ ўжо нагадалі сваім чытачам пра гітлераўскія танкі, якія ў 1941 годзе ў рамках аперацыі „Барбароса” ўварваліся на тэрыторыю Савецкага Саюза. Таму зараз Германія зацікаўлена ў дыверсіфікацыі, а таксама ў тым, каб Вашынгтон зрабіў свой уклад, пачаўшы пастаўкі Украіне танкаў Abrams. Рашэнне такога маштабу патрабуе найвышэйшай абачлівасці і кансэнсусу. І адказнасць за такое рашэнне не павінна ляжаць на адной толькі Нямеччыне – яна павінна быць размеркавана паміж усімі!», – заклікае гішпанскае выданне.
Шырокамаштабнае ўварванне войскаў РФ ва Украіну і палітыка Крамля, які вырашыў у адказ на санкцыі перакрыць Еўропе газавы кран – усё гэта выклікала немалую турботу сярод еўрапейскіх палітыкаў, прадстаўнікоў бізнесу і простых грамадзян. Прадметам асаблівай заклапочанасці стала і пытанне газазабеспячэння ў зімовы перыяд. Зіма ўжо наступіла, а надзвычайнай сітуацыі з газам быццам атрымалася пазбегнуць. Тым не менш, еўрапейская прэса ўказвае на тое, што расслабляцца пакуль рана. «Энергетычнай зброяй Еўропу зараз не запалохаеш», – адзначае швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung.
«Цяпер цэны на энергію ўпалі да ўзроўню, на якім яны знаходзіліся да ўварвання Расеі ва Украіну. Еўрапейская эканоміка трымаецца куды лепш, чым чакалася. Памнажаюцца прыкметы таго, што Расею чакаюць найсур’ёзныя эканамічныя страты. Расейская энергетычная зброя ўжо нікога не палохае. Паводле ацэнак Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), сёлета доля расейскай нафты ў імпарце Еўразвяўа можа ўпасці з даваеннага паказчыка ў раёне 33 працэнтаў да пяці», – прагназуе швейцарскае выданне.
«Летась Еўропа пабіла цеплавыя рэкорды, і 2023 год не будзе іншым. Зімовы купал цяпла апусціўся на кантынент якраз перад Новым годам, пабіўшы тысячы пастаянных рэкордаў высокай тэмпературы. Восем краін: Беларусь, Чэхія, Данія, Латвія, Ліхтэнштэйн, Літва, Нідэрланды і Польшча — усталявалі новыя гістарычныя рэкорды па самым цёплым студзеньскім надвор’і першага дня месяца. Спякота выклікала павышэнне тэмпературы да 36 градусаў па Фарэнгейту (20 градусаў па Цэльсію) вышэй за сярэднюю для гэтай пары года», – канстатуе міжнароднае выданне People’s World.
«Гэта акурат тая вельмі ненармальная падзея, якая паступова перапісвае глабальную кліматалогію. Аналіз больш чым 100 гарачых перыядаў за апошняе дзесяцігоддзе паказаў, што сучаснае глабальнае пацяпленне, большасць з якога было выклікана спальваннем выкапнёвага паліва, зрабіла амаль усё з пагрозаў больш верагоднымі або сур’ёзнымі. Анамальная спякота па-ранейшаму распаўсюджваецца па Еўропе, калі цеплавая хваля змешваецца з арктычным паветрам, якое паступае з паўночнага ўсходу, і рассейваецца. Але ўжо цалкам відавочна, што Еўропа проста перажыла сур’ёзнае адхіленне ад нормы. Не чакаецца, што надзвычай высокая тэмпература пратрымаецца надоўга, але метэаролагі кажуць, што тэмпература вышэй за сярэдні ўзровень можа трымацца над мацерыковай Еўропай яшчэ як мінімум тыдзень», – прагназуе міжнароднае выданнне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя