Еўропа гатова да дыялогу, але ці гатова Беларусь?



Парламенцкая асамблея Савета Еўропы гатовая да дыялогу з Беларуссю. Пра гэта заявіў дакладчык па Беларусі камісіі  ПАСЕ ў палітычных пытаннях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні. БелаПАН дадае, што Рыгоні звярнуў увагу на нявырашаную праблему смяротнага пакарання ў Беларусі, на ціск на палітычнага вязня Міколу Статкевіча.

На думку спецдакладчыка, Савету Еўропы і ПАСЕ трэба пераканацца ў тым, што ў кіраўніцтва Беларусі ёсць воля і жаданне прытрымлівацца галоўных еўрапейскіх каштоўнасцяў. “Кампрамісаў тут быць не можа”, — падкрэсліў Андрэа Рыгоні. Ён адзначыў, што дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі “стане важнай праверкай таго, наколькі Беларусь імкнецца да паляпшэння ўзаемаадносінаў з Саветам Еўропы ды іншымі міжнароднымі арганізацыямі”.

Мы звярнуліся па каментар да першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча:

Калі ў беларускага кіраўніцтва, а ў прыватнасці –  у прэзідэнта, няма павагі да тых, хто мае іншую думку, чым ён сам, то ва ўмовах такой дыктатуры я не бачу ніякай магчымасці да дыялогу. Тое, што робяць “палатачнікі” і заяўляе там прэзідэнт, – гэта чарговы захад, каб заходнія краіны падумалі, што ў нас могуць адбыцца нейкія змены. Зменаў ніякіх няма. Калі беларускі бок хоча дыялогу, ён павінен зрабіць пэўны крок. Павінны быць вызвалены і рэабілітаваны ўсе палітвязні. Толькі тады можна пачынаць нейкую размову, а так з дыктатурай пра што можна раіцца?

РР: Але ці ўсе еўрапейскія палітыкі так думаюць на сённяшні дзень?

Але які дыялог можна весці? У нас цяпер рыхтавалі змены ў Выбарчае заканадаўства, існуюць усе магчымасці ў Ярмошынай не рабіць рэальнага падліку галасоў. Якія перамовы? Тут чыстая дыктатура, і няма ніякіх выбараў, і быць не можа, бо страчаны час, да выбараў менш за год застаецца. Зразумела, Лукашэнка хоча заходнія грошы, заходні крэдыт, а наіўная Еўропа зноў будзе пагаджацца з чым хочаш.

Адзначым, што ў  Страсбургу на паседжанні камітэта асамблеі ў палітычных пытаннях і дэмакратыі прысутнічалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці – праваабаронца Валянцін Стэфановіч і грамадскі дзеяч Алесь Лагвінец. Таксама і прадстаўнік беларускага “парламента”, старшыня камісіі па міжнародных справах Мікалай Самасейка.

У той жа час Беларусь заклікае Усходняе партнёрства надзяляць больш увагі прыкладным сферам супрацы. Кіраўнік Міністэрства замежных спраў Уладзімір Макей браў удзел у сустрэчы міністраў краін Усходняга партнёрства ў Люксембургу, прысвечанай падрыхтоўцы Рыжскага саміту 21-21 траўня. Макей заклікаў да дыялогу паміж Еўразвязам ды Еўразійскім эканамічным саюзам з перспектывай фарміравання агульнай эканамічнай прасторы «як ключавога элемента доўгатэрміновага міру і росквіту ў рэгіёне».

“Эканамічная супраца тут прывядзе толькі да аднаго – умацавання дыктатуры і планавай гаспадаркі”, – адзначае Станіслаў Шушкевіч.

Няма ў нас лібералізацыі эканомікі, не можа быць узаемадзеяння з прыватнымі структурамі, а толькі з тымі “прыдворнымі”. Гэта можа быць толькі падтрымка дыктатуры. Макей будзе гаварыць, што яны адкрытыя для Захаду і гэтак далей. Лукашэнка можа рабіць выгляд, што ён нават у Маскву не едзе на свята для таго, каб Захад гэта вітаў. Але тут няма ніякіх унутраных крокаў для таго, каб пачаць дыялог. Самае важнае пытанне – не павінна быць палітвязняў у краіне, якая вядзе палітычныя перамовы з цывілізаванымі краінамі. Я не ведаю, Захад можа зноў здаць усе пазіцыі, як гэта рабіў, калі быў Хаўер Салана, калі была Эштан, і цяпер гэта ўсё працягваецца. Канешне, павінны быць кампрамісы і перамовы, але ў выпадку Беларусі не зроблена ніякага канкрэтнага кроку насустрач Захаду, акрамя пустой гаворкі, што мы тут “дэмакратызуемся” і глядзім “на Захад”.

“Захад павінен захаваць пазіцыю. Умовы былі сфармуляваныя яшчэ ў Стамбульскай дэкларацыі, пасля ў 2006 годзе яны былі абвешчаны больш шырока. Але нічога гэта не дало. Рэжым у Беларусі не зрабіў ніякага кроку. Гэта агалцелая дыктатура, якая стаіць на горле дэмакратычнай апазіцыі”, – падкрэслівае Станіслаў Шушкевіч.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял у гукавым фармаце: