Беларусы Варшавы ўсклалі вянок Каліноўскаму і паўстанцам да „Брамы гібелі”



Беларусы Варшавы зладзілі спантанную акцыю, прымеркаваную да 160-годдзя паўстання Кастуся Каліноўскага. Удзельнікі мерапрыемства сабраліся ля Брамы Гібелі ля Варшаўскай цытадэлі (менавіта тут у панядзелак і прайшла ўрачыстасць пры ўдзеле прэзідэнтаў Польшчы, Літвы і лідара дэмакратычнай Беларусі Святланы Ціханоўскай) і ўсклалі вянок ад беларусаў.

“Мы зрабілі тое, што павінна было адбыцца на афіцыйнай падзеі”, – перакананая актывістка, суарганізатар акцыі Кацярына Кучук.

Частка беларусаў учора прыйшла ў 16 гадзін сюды на ўрачыстае ўскладанне вянкоў. Яны прыйшлі, каб ускласці вянкі ад Беларусі. Былі радыя, што трапілі, але яны былі вельмі здзіўлены, што не было беларускага вянка і не было прамовы ад беларускай дэлегацыі. Вечарам была сустрэча ў хабе. Мы задалі пытанне Святлане Ціханоўскай і Паўлу Латушку. І яны сказалі, што таксама вельмі здзіўлены. Гэта не радасная навіна. Мы, насамрэч, адчуваем сябе абуранымі. Бо Кастусь Каліноўскі – гэта герой Беларусі, які нарадзіўся ў Беларусі. І які зрабіў вельмі шмат для Беларусі. Ён загінуў за Беларусь!

Таксама на акцыі беларусы выступілі з прамовамі пра цяперашнюю дзейнасць дыяспары і дапамогу Украіне. Завяршылася мерапрыемства выкананнем песень “Магутны Божа” і “Пагоня”.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя