Недалёка ад цэнтра Беластока пасяліліся бабры
На рэчцы Белай пасяліліся бабры і пачынаюць будаваць плаціну. Сляды дзейнасці баброў заўважныя каля рэчкі Белай на вуліцы Ажэшкі, гэта паблізу цэнтра горада.
Былі заўважаныя два бабры, якія шчыра працуюць вечарам і раніцай. Абгрызенае імі дрэва можа ўпасці ў кожны момант, таму цяпер яно падлягае вырубцы.
За стан рэчкі Белай адказвае арганізацыя „Польскія Воды”. Там прызнаюцца, што пра дзейнасць баброў яны ведаюць.
Таксама спецыялісты кажуць, што за апошнія 20 гадоў папуляцыя баброў у рэгіёне павялічылася ажно ў пяць разоў і працягвае расці. Таму звяры патрабуюць месцаў для рассялення і ўсё часцей трапляюць у населеныя пункты.