У Польшчы адкрылася выстава, прысвечаная палітвязню Анджэю Пачобуту



Выстава, прысвечаная лукашэнкаўскаму палітвязню Анджэю Пачобуту, адкрылася ў Сейме Польшчы (Варшава). Яна мае назву “Пераслед за польскасць” і распавядае гісторыю журналіста, якому цяпер паграджае 12 год зняволення.

Вернісаж падтрымалі прадстаўнікі польскай улады, а таксама дэмакратычных сіл Беларусі. Сярод запрошаных гасцей была і Святлана Ціханоўская, якая агучыла сваё бачанне сітуацыі.

– Суд над Анджэем Пачобутам гэта помста рэжыму Лукашэнкі перш за ўсё за тое, што Польшча падтрымлівае дэмакратычныя змены ў Беларусі. І тое, што рэжым змагаецца з польскімі школамі, з польскімі класамі, кажа што Польшча гэта наш вораг. Змагаецца не толькі з жывымі, але і з мёртвымі, руйнуючы могілкі польскіх жаўнераў. Гэта прызнак таго, што яны хочуць помсты.

Судовы працэс над Анджэем Пачобутам праходзіць у закрытым рэжыме. Палітвязню прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя