Батумі: прастора LINX працуе не толькі для беларусаў



Беларускі каворкінг LINX  у грузінскім Батумі працуе амаль год. Што змянілася ў гэтай прасторы за гэты тэрмін? Распавядае яе кіраўнік Мікіта Маханькоў.

–  На пачатку ў асноўным беларусы прыходзілі працаваць, у асноўным айцішнікі. Крыху было з Украіны і крыху расейцаў. Пасля аб’яўлення мабілізацыі сітуацыя крыху змянілася, беларусаў стала значна менш. Мяркуючы па ўсім, іх і ў горадзе стала менш. Адпаведна расейцаў стала значна больш, цяпер іх большасць, а беларусаў прыходзіць мала.

Па словах Мікіты, каворкінг працуе таксама як прастора, дзе збіраюцца людзі розных нацыянальнасцяў, таксама тут адбываюцца беларускія мерапрыемствы:

–  Мы па панядзелках глядзім фільмы ў беларускай агучцы, натуральна ўвечары, пасля працы каворкінга. Аўторак, серада, пятніца – па вечарах размоўны ангельскі ў нас, у чацвер праводзім беларускамоўны нэтворкінг. Субота, нядзеля днём – таксама размоўныя клубы, зусім нядаўна мы дамовіліся, што на гэтым тыдні будзе першы клуб псіхалагічнай дапамогі па нядзелях з сямі.

Мікіта просіць сачыць за абвесткамі ў сацыяльных сетках прасторы, а таксама паведаміў, што прастора таксама далучыцца да некаторых мерапрыемстваў, звязаных з угодкамі паўстання Каліноўскага.

Беларускае Радыё Рацыя