Фонд спартыўнай салідарнасці супраць допуску беларускіх спартсменаў да Алімпіяды



25 студзеня Міжнародны алімпійскі камітэт заявіў пра забарону допуску да спаборніцтваў для беларускіх і расейскіх спартоўцаў, якія падтрымалі вайну. Тыя ж атлеты, якія адпавядаюць крытэрам МАК і не выказваліся ў падтрымку вайны, могуць прымаць удзел выключна ў нейтральным статусе.

Але гэта выклікала пярэчанні з боку многіх зацікаўленых бакоў, у тым ліку і Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці. Аляксандр Апейкін з Фонду лічыць, што гэта «чысты падманны манеўр ад МАК, замыльванне вачэй, бо цалкам адцягвае ўвагу ад галоўнага: атлеты з Беларусі і Расеі ў асноўнай масе будуць дапушчаныя».

«МАК сваім рашэннем стварае вялізарны крок да нармалізацыі захопніцкай вайны і знішчэння Украіны, нармалізацыі таталітарызму. Гэты прэцэдэнт — мажлівасць вярнуць «русский мир» у глабальную камунікацыю».

Пра магчымы байкот Алімпійскіх гульняў у такім выпадку адразу заявіла Украіна.

Беларускае Радыё Рацыя