Валер Карбалевіч: Лукашэнка хоча ўбачыць зломленых апанентаў



У эфіры нашага радыё пабываў палітычны аналітык Валерый Карбалевіч.

РР: У адным са стрымаў Вы выказалі меркаванне, што Лукашэнка ў лютым 2022 года да канца не ведаў пра планы Пуціна, пра ўварванне ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Я правільна вас зразумеў? На чым вы грунтуеце гэтае меркаванне?

Па-першае, на тым, што за некалькі дзён да пачатку вайны тагачасны міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, які ўжо памёр, правёў прэс-канферэнцыю. Ён паведаміў, што з заканчэннем расейска-беларускіх вучэнняў усе расейскія войскі будуць выведзены з тэрыторыі Беларусі і на тэрыторыі Беларусі не застанецца ніводнай адзінкі тэхнікі і ніводнага расейскага жаўнера. Потым аказалася, што ўсё не так, што менавіта гэтыя войскі, якія прыехалі на вучэнні, пачалі наступ на Кіеў. Не думаю, што тут Макей выказваў сваю асабістую думку, сваё меркаванне, думаю, што гэта была палітычная пазіцыя кіраўніцтва Беларусі. Аказалася, што ў Расеі свае планы, пра якія кіраўніцтва Беларусі не ведала. Да таго ж Лукашэнка пасля пачатку вайны расказваў, што Пуцін у пяць гадзін раніцы патэлефанаваў яму і сказаў, што пачалася вайна. Вось з гэтых двух фактаў я раблю выснову, што да канца Лукашэнка пра ўсе гэтыя планы не ведаў.

РР: Перад пачаткам уварвання міністр абароны Беларусі даваў нейкія гарантыі Украіне.

– Міністр мог казаць няпраўду, цяжка штосьці каментаваць.

РР: А наконт таго відэа, якое стала мемам, што былі нанесены нейкія прэвентыўныя ўдары яшчэ нават 23-га лютага ўвечары. Гэта ўсё поўная ахінея ці мае нейкія падставы?

– Я не думаю, што ўсур’ёз варта пра гэта казаць, бо Лукашэнка тут вельмі шмат супярэчлівых заяў рабіў. Ён казаў, ці то Украіна збіралася першай напасці на Расею і Беларусь, ці то яна сапраўды напала, ці штосьці яшчэ іншае, таму тут ён блытаецца ў паказаннях.

РР: І не варта шукаць відавочнай логікі ў гэтым.

Логіка ёсць, абвінаваціць ва ўсім Украіну. Факты падганяюцца пад гэтую логіку.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя